ААТ "Ольса" у Магілёве. Фота з сайта mogilev.mchs.gov.by Як стала вядома назіральніку з Магілёва Барысу Бухелю, на прадпрыемстве ААТ “Ольса” працаўнікоў ліцейна-зборачнага цэху прымушалі падпісвацца за кандыдата ў прэзідэнты А. Лукашэнка.

Яшчэ ў чацвер, 21 траўня, у цэх прыйшла ахова завода з запоўненымі спісамі, пры гэтым супрацоўнікі аддзелу кадраў патэлефанавалі ў цэх, пасля чаго кіраўніцтва цэха загадала ўсім працаўнікам у абавязковым парадку пакінуць подпіс за вылучэнне дзейнага прэзідэнта ў кандыдаты. Усе падпісаліся, бо баяцца звальненняў.

Аляксей Паўлоўскі, які жыве і збірае подпісы за іншага кандыдата недалёка ад прадпрыемства, паведаміў Барысу Бухелю, што каля дзясятка чалавек падцвердзілі інфармацыю аб тым, што і ў іншых цэхах ААТ “Ольса” аналагічным чынам супрацоўнікаў прымушалі падпісвацца ў загаддзя запоўненных падпісных лістах.

ААТ “Ольса” – прадпрыемства, якое спецыялізуецца на вытворчасці кемпінгавай мэблі, што ўключае складаныя і стацыянарныя металічныя ложкі, мэблю ў наборах, шырокі асартымент тавараў для арганізацыі адпачынку і кемпінга, арэлі, шэзлонгі, крэслы, а таксама мэблю для медыцынскіх устаноў, вулічных трэнажораў, электрапомпаў бытавых і малагабарытных дрэваапрацоўчых станкоў.

Прадпрыемства створана ў студзені 1932 года, з'яўлялася дзяржаўным прадпрыемствам і да ліпеня 2006 г. знаходзілася ў падпарадкаванні канцэрна "Белместпрам", з 1 верасня 2006 г. непасрэдна падпарадкоўваецца Міністэрству прамысловасці Рэспублікі Беларусь.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" 

Крыніца: Супрацоўнікаў магілёўскага прадпрыемства прымушалі падпісацца за вылучэнне Лукашэнкі