Тамара Шчапеткіна. Фота: Радыё Рацыя Выбаршчыкі, якія вылучылі ў склад Бярозаўскай выбарчай раённай камісіі сябру Партыі БНФ, назіральніцу за выбарамі з вялікім стажам Тамару Шчапёткіну, звярнуліся ў суд Бярозаўскага раёна са скаргай на неўключэнне яе ў склад камісіі.

Назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Сяржук Русецкі ў каментары для "Радыё Рацыя" адзначыў, што сітуацыя з пастаянным неўключэннем Тамары Шчапёткінай нагадвае замкнёнае кола. 

"Пры фармальным абмеркаванні дзелавых і асабістых якасцяў, на пасяджэнні было сказана, што хоць спадарыня Тамара Шчапёткіна і мае досвед назірання, але досведу ўдзелу ў выбарчых камісіях не мае. І таму было прапанавана не ўключаць яе ў склад раённай выбарчай камісіі. У заяве выбаршчыкаў адзначана, што калі чалавеку хоць раз не даць магчымасці стаць сябрам выбарчай камісіі, ніякага вопыту ён мець не будзе".

Паводле падпісантаў заявы, ва ўсіх дасведчаных зараз сябраў камісіі быў некалі першы досвед такой працы. Але, як сказаў Сяржук Русецкі, Тамару Шчапёткіну чарговы раз перасцерагліся ўключаць у выбарчую камісію з-за яе прынцыповай пазіцыі да нават драбнейшых парушэнняў, якія яна абнародуе.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: Бяроза: Выбаршчыкі абскарджваюць неўключэнне Тамары Шчапёткінай ў склад камісіі