Гарадзенскія праваабаронцы, назіральнікі і журналіст кампаніі “Праваабароцы за свабодныя выбары” Віктар Сазонаў, Раман Юргель, Андрэй Коця, Святлана Рудкоўская і Уладзімір Хільмановіч даслалі чарговы ліст у Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. У лісце, у прыватнасці, указваецца, што, аналізуючы склады камісій па Гарадзеншчыне, праваабаронцамі было заўважана, што ў камісіі акрамя іншых увайшлі таксама і работнікі медыцынскіх установаў. Заканадаўства гэтага не забараняе, але гэта выглядае дзіўна ў той эпідэміялагічнай сітуацыі, у якой зараз знаходзіцца краіна.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

"Сусветная Арганізацыя Здароўя аб’явіла пандэмію. У многіх краінах на змаганне з ёй не хапае медыцынскага персаналу, і ўлады просяць нават медыкаў-пенсіянераў і медыкаў-студэнтаў дапамагчы ў гэтай няпростай барацьбе з пандэміяй. Адмяняюцца адпачынкі для медыцынскіх работнікаў. А тыя, хто працуе, працуюць часта на знос, па некалькі зменаў, недасыпаючы і недастаткова адпачыўшы.

Перагружаць у такіх умовах медыцынскіх работнікаў іншымі, нават важнымі абавязкамі, параўнальна толькі з тым, што пад час вайны афіцэраў арміі задзейнічаць у сельгасработах, ці пад час пажару або землятрусу работнікаў МНС адправіць займацца вывазам смецця", - пішуць праваабаронцы ў сваім лісце ў ЦВК.

Праваабаронцы лічаць, што ў складанай эпідэміялагічнай сітуацыі выкарыстоўваць медыцынскіх работнікаў у іншых сферах можа прыводзіць да негатыўных наступстваў. Яны прапаноўваць ЦВК звярнулацца да зацікаўленых структур і папрасіць з усёй адказнасцю падысці да гэтага пытання пры фармаванні ўжо ўчастковых камісій. Бо ва УВК увойдзе вялікая колькасць людзей, і медыкаў там можа апынуцца таксама шмат.

“Нагадаем, што ў іншых краінах ёсць такія прыклады, што і ўвогуле выбары пераносяцца з-за пандэміі, а ў нас медыцынскіх работнікаў адцягваюць ад выканання іх прафесійнай місіі з-за абавязкаў на выбарах. Таму на час пандэміі медыцынскіх работнікаў трэба вызваліць ад усіх іншых абавязкаў, у тым ліку і ад удзелу ў розных камісіях, акрамя медыцынскіх. Грамадства не толькі можа гэта сабе дазволіць, але і мусіць", - кажуць назіральнікі.

Чытаць цалкам ліст гарадзенскіх парваабаронцаў на harodniaspring.org.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: "Медыкі патрэбны ў бальніцах, а не ў камісіях". Зварот гарадзенскіх назіральнікаў у ЦВК