Доўгатэрміновы назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Леанід Судаленка прааналізаваў склад створанай у Гомелі Савецкай раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта ў параўнанні з мінулымі прэзідэнтскімі выбарамі 2015 года, паведамляе "Гомельская Вясна".
Кіраваць Савецкай раённай выбарчай камісіяй будзе Андрэй Сергіенка, які працуе генеральным дырэктарам РУП "Гомельаблгаз". На мінулых прэзідэнтскіх выбарах ён працаваў тут намеснікам і таксама з’яўляўся намеснікам старшыні раённага выбаркама.
Намеснік кіраўніка раённай адміністрацыі Алена Герашчанка, якая падчас мінулых прэзідэнтскіх выбараў з’яўлялася старшынёй раённага выбаркама, на гэты раз абрана яго намеснікам. Адным словам, старшыня і намеснік выбаркама памяняліся толькі месцамі.
Сакратаром выбаркама абраная начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай працы раённай адміністрацыі Ала Андрушчанка. На мінулых выбарах яна таксама працавала ў камісіі сакратаром.
"Афіцыйны сайт Савецкай адміністрацыі ў Гомелі пакуль не дае інфармацыі аб поўным складзе выбарчай камісіі, а таксама інфармацыі аб тым, хто і якім чынам патрапіў у склад тэрэтарыяльнага выбаркама. На сёння тут паказаны толькі кантакты камісіі, графік працы і інфармацыя аб старшыні, яго намесніку і сакратару выбаркама. Вядома, што на мінулых прэзідэнтскіх выбарах А. Сергіенка і А. Андрушчанка патрапілі ў камісію ад грамадскасці, А. Герашчанка ад раённай праўладнай арганізацыі “Чырвонага Крыжа”, - адзначыў назіральнік Леанід Судаленка.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Крыніца: Леанід Судаленка пра склад выбаркама: Нічога новага не адбываецца, нічога не мяняецца