Згодна з Каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта, не пазней за 18 мая мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы павінны былі вызначыць месцы, забароненыя для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты ў перыяд з 21 траўня па 19 чэрвеня 2020 года.

Традыцыйна, у сваіх рашэннях практычна ўсе гар- і райвыканкамы вызначылі, што сябрам ініцыятыўных групаў забаронена збіраць подпісы ў падтрымку вылучэння патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты на адлегласці менш за 20 метраў ад будынкаў адміністрацый гар- або райвыканкама, суда, пракуратуры, упраўлення або аддзела ўнутраных спраў.

Больш за ўсё забароненых месцаў вызначыў Віцебскі гарвыканкам. Так, у горадзе нельга збіраць подпісы на тэрыторыі плошчы Перамогі, арганізацый аховы здароўя, на адлегласці менш за 20 метраў ад будынкаў Віцебскага аблвыканкама, Віцебскага райвыканкама, Віцебскага гарвыканкама, адміністрацый Кастрычніцкага, Чыгуначнага і Першамайскага раёнаў горада, пракуратураў Віцебскай вобласці, Віцебскага раёна і горада Віцебска, а таксама упраўленняў або аддзелаў унутраных спраў, будынкаў судоў, размешчаных у Віцебску, упраўлення Камітэта дзяржбяспекі.

Набліжацца менш, чым на 20 метраў да аддзелаў па надзвычайных сітуацыях для збору подпісаў забаронена ў Докшыцах, Дуброўна, Лёзна, Наваполацку, Оршы, Талачыне, Шуміліна, Расонах, Глыбокім, Браславе, Гарадку.

Докшыцкі, Лёзненскі, Шумілінскі і Глыбоцкі райвыканкамы забаранілі збор подпісаў і каля сельскіх выканкамаў.

У Лёзна, Оршы, Шуміліна, Глыбокім і Браславе таксама не дапускаецца збіраць подпісы бліжэй, чым 20 метраў ад аддзелаў Дэпартамента аховы МУС, а ў Сянно, Талачыне, Бешанковічах і тых жа Оршы, Глыбокім і Браславе – ад будынкаў ваенных камісарыятаў. У Глыбокім забарона ўведзеная і ў дачыненні да вайсковых частак, а ў Гарадку – КПП вайсковай часткі №94017.

Нельга набліжацца і да ўстаноў адукацыі і ўстаноў аховы здароўя, згодна з рашэннем Шумілінскага, Глыбоцкага і Ушацкага райвыканкамаў.

Збіраць подпісы бліжэй за 20 метраў ад будынкаў міжраённага Следчага камітэта забаронена ў Оршы, Полацку і Бешанковічах, а ў Лепелі такое правіла дзейнічае ў дачыненні да міжраённага аддзялення ўпраўлення КДБ па Віцебскай вобласці.

Шумілінскім райвыканкамам сярод іншага забаронены збор подпісаў бліжэй за 20 метраў ад аб'ектаў вода -, цепла - і энергазабеспячэння.

Самы кароткі спіс забаронаў апынуўся ў Міёрскага райвыканкама: збіраць подпісы не дазваляецца толькі на тэрыторыі ўстаноў адукацыі і арганізацый аховы здароўя.

Істотных зменаў забароненых месцаў у рашэннях гар - і райвыканкамаў у параўнанні з папярэднімі выбарчымі кампаніямі не адбылося.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: Віцебская вобласць: Дзе нельга збіраць подпісы ў падтрымку кандыдата ў прэзідэнты?