Па апошніх дадзеных праваабаронцаў “Вясны”, у перыяд з 6 траўня у Беларусі 55 чалавек атрымалі агулам больш за 500 сутак арышту. Яшчэ больш за 30 чалавек былі аштрафаваныя на агульную суму, якая перавышае 13000 долараў. І гэтыя лічбы неканчатковыя. Суды над удзельнікамі сустрэч з блогерам Сяргеем Ціханоўскім ці акцый па “кармленні галубоў” будуць працягвацца і на бліжэйшым тыдні. Акрамя таго, у рэгіёнах працягваюць складаць пратаколы за гэтыя акцыі і мірныя сустрэчы. У 14.30 у судзе Ленінскага раёна Брэста распачнецца суд над экаактывісткай, праціўніцай акумулятарнага завода Людзмілай Карчэўскай. Яе вінавацяць у тым, што ўдзельнічала ў акцыі па “кармленні галубоў” 12 красавіка. Вынік суда - 50 базавых велічынь штрафу (1350 рублёў). 

Брэст

Таксама мусіць адбыцца працяг суда над Валерам Фамінскім, які амаль увесь мінулы тыдзень правёў у ізалятары, хоць на “суткі” асуджаны не быў. Фамінскага затрымалі 10 траўня пасля нядзельнай акцыі па “кармленні галубоў”. У аўторак яму прысудзілі 30 базавых велічынь штрафу і адразу пасля суда затрымалі ізноў. Пасля гэтага ён яшчэ трое сутак прабыў у ізалятары. У пятніцу пасля сканчэння 72-гадзіннага тэрміну зняволення актывіста адпусцілі, а судовае пасяджэнне перанеслі на наступны тыдзень.

Акрамя таго, на выходных на мяжы быў затрыманы яшчэ адзін праціўнік завода АКБ, дальнабойнік Павел Кінчак. Як паведамляе “Брэсцкая газета”, днём 16 траўня Павел вяртаўся з грузам з Польшчы ў Беларусь. Яго затрымалі адразу пасля пераходу мяжы. Яму інкрымінуюць удзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту супраць акумулятарнага завода, якая праходзіла ў Брэсце 12 красавіка. Да суда яго змясцілі ў ізалятар. Судзіць Паўла будуць у судзе Ленінскага раёна 19 траўня ў 10.30.

Мінск

Як стала вядома праваабонцам, яшчэ 12 траўня суддзя суда Фрунзенскага раёна Дмітрый Лукашэвіч прысудзіў агулам 30 базавых велічынь штрафу (810 рублёў) затрыманаму каля гандлёвага цэнтру Mile Сяргею Жураву. Судзілі Сяргея па двух адміністрацыйных пратаколах: за непадпарадкаванне міліцыі (арт. 23.34 КаАП) і за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП). Таксама на 30 базавых велічынь судом Заводскага раёна быў аштрафаваны Яўген Дубовік.

Суткі, штрафы, затрыманні. У Беларусі працягваецца пераслед удзельнікаў акцый

У пятніцу, 15 траўня, па ўсёй Беларусі працягваюцца суды над людзьмі, якія выходзілі на мясцовыя акцыі пратэсту: у падтрымку экаактывістаў Берасця ("кармленне галубоў") і ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага, а таксама над людзьмі, якія выказваліся пра сацыяльныя праблемы ў стрымах блогера Ціханоўскага.

Вілейка

На 15.00 прызначаны разгляд адміністрацыйнай справы мясцовага актывіста, сябра Партыі БНФ Аляксея Сюдака. На яго былі складзены два пратаколы за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП). Пра тое, што пасяджэнне суда адбудзецца менавіта ў гэты дзень і гэты час, Аляксей даведаўся толькі ў 10 ранку праз смс-паведамленне, то бок за пяць гадзін да пачатку пасяджэння. Актывіст накіраваў скаргу ў раённую пракуратуру з пазнакай таго, што такое позняе паведамленне аб судзе не дае яму магчымасці спланаваць свой час і, у першую чаргу, знайсці сабе абаронцу.  

Наваполацк

На Юлію Шэлепень і на яе мужа склалі пратаколы па ч. 1 арт. 23.34 КаАП за тое, што 29 красавіка ўдзельнічалі ў сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, калі той прыязджаў у Наваполацк. Таксама пратакол па арт. 23.34 КаАП складзены на Артура Сіняга за тое, што ўдзельнічаў у двух  мірных сходах: ва ўжо згаданаў сустрэчы падпісантаў “Краіны для жыцця” 29 красавіка і ў “кармленні галубоў” трэцяга траўня.

Гомель

Удзельніка сустрэчы салідарнасці з затрыманым блогерам Ціханоўскім, якая скончылася масавымі затрыманнямі, Аляксандра Цібароўскага будуць судзіць. У нядзелю яго выклікалі ў міліцыю, дзе паведамілі, што адміністрацыйная справа хутка будзе перадазеныя ў суд. Варта адзначыць, што затрыманую ў пятніцу ўдзельніцу той жа сустрэчы Віялету Майшук адпусцілі ў той жа дзень без складання пратакола.

Крыніца: У Беларусі тыдзень пачынаецца з новых пратаколаў і судоў Дапоўнена