Пракуратура Светлагорскага раёна адказала праваабаронцы "Вясны" Алене Маслюковай на скаргу на незаконную канфіскацыю ў яе кватэры супрацоўнікамі міліцыі тэлефона і ноўтбука. Праваабаронца расцэньвае распачатую ў дачыненні да яе праверку як ціск уладаў у сувязі з выбарчай кампаніяй.

Нагадаем, увечары 23 красавіка да праваабаронцы Алены Маслюковай прыйшла міліцыя дадому з аглядам у межах правядзення праверкі па артыкулу 189 Крымінальнага кодэксу па заяве Зобавай, якая абвінавачвае праваабаронцу ў абразе. Па выніках праведзенага агляду ў Алены Маслюковай былі канфіскаваныя смартфон і ноўтбук. Праваабаронца "Вясны" і экаактывістка Алена Маслюкова звярнулася ў пракуратуру Светлагорскага раёна на незаконную канфіскацыю ў яе кватэры супрацоўнікамі міліцыі тэлефона і ноўтбука.

Пракурор Светлагорскага раёна Аляксандр Яўсеенка прыйшоў да высновы, што ў дадзенай сітуацыі падставаў для прыняцця мераў пракурорскага рэагавання не маецца. Таксама ён паведаміў Алене Маслюковай, што вярнуць ёй канфіскаваныя ноўтбук і мабільны тэлефон не ўяўляецца магчымым з-за правядзення іх экспертных даследаванняў.

Юрыст Праваабарончага цэнтра «Вясна» Аляксей Лойка звяртае ўвагу на тэрмін рэагавання міліцыі па дадзенай справе. Заява на Алену Маслюкову была пададзена яшчэ 24 лютага, а супрацоўнікі міліцыі правялі агляд толькі праз два месяцы — 23 красавіка.

“Такая "аператыўнасць" у працы светлагорскай міліцыі з улікам рэзкага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў краіне за апошні час у сувязі з масавымі затрыманнямі толькі пацвярджае наш першапачатковую выснову аб тым, што правядзенне агляду і канфіскацыя тэхнікі менавіта ў гэты момант прадыктавана жаданнем уладаў аказаць ціск на тых людзей, якія адкрыта крытыкуюць улады напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

Мне шчыра хочацца, каб гэтая сітуацыя не падзейнічала на маю калегу тым астуджальным эфектам, на які першапачаткова разлічвала міліцыя. У гэтай сітуацыі ў нас ёсць прастора для актыўных дзеянняў у абарону нашай калегі, цяпер мы прапрацоўваем далейшыя крокі, звязаныя са зваротам у абласную пракуратуру.

Таксама хачу падкрэсліць, што мы рашуча настроеныя адстойваць нашу калегу ад любога пераследу з боку ўладаў выключна ў сувязі з яе актыўнай пазіцыяй у барацьбе за спрыяльнае навакольнае асяроддзе для жыхароў Светлагорска”, — каментуе сітуацыю Аляксей Лойка.

У абарону праваабаронцы "Вясны" Алены Маслюковай выступіў шэраг арганізацый. Так, Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрская праграма Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), заклікае спыніць пераслед супраць экалагічнай актывісткі і праваабаронцы ПЦ “Вясна” Алены Маслюковай, і “рашуча асуджае” ператрус у яе кватэры і незаконную канфіскацыю абсталявання ў кантэксце рэпрэсій супраць экалагічнага руху ў Светлагорску.

Абсерваторыя рашуча асуджае пераслед праваабаронцы Алены Маслюковай

Абсерваторыя нагадвае, што ў 2019 годзе ў артыкул 189 Крымінальнага кодэкса ("Абраза") былі ўнесены папраўкі. Да гэтага абраза магла быць прызнана крымінальным злачынствам толькі ў тым выпадку, калі яно паўторна здзейсненае асобай, ужо асуджанай за такое ж правапарушэнне цягам года. Абсерваторыя лічыць, што дадзенае заканадаўства не адпавядае міжнародным стандартам, паколькі абраза павінна разглядацца ў межах грамадзянскай, а не крымінальнай адказнасці.

12 траўня Рада Праваабарончага цэнтру “Вясна” прыняла заяву, у якой патрабуе спыніць распачатыя праверкі і іншыя формы ціску на сябру ПЦ “Вясна” Алену Маслюкову. Праз пару дзён выказала свой пратэст праваабарончая супольнасць Беларусі і патрабавала ад уладаў Рэспублікі Беларусь неадкладнага спынення рэпрэсій супраць, у тым ліку, праваабаронцы «Вясны» Алены Маслюковай. 

Сама праваабаронца і экаактывістка Алена Маслюкова лічыць, што ніякага злачынства яна не зрабіла, каб прымаць у адносінах да яе такія грубыя і жорсткія меры.

"З адказу пракуратуры вынікае, што міліцыянты нічога не парушылі. Яны можа і не парушылі, але ўлады іх рукамі зрабілі гнусную справу, прымусілі забраць мой ноўтбук і тэлефон з дазволу ўсё той жа пракуратуры. І гэта ўсё адбываецца напярэдадні выбарчай кампаніі. Не трэба доўга разважаць, каб зразумець, навошта гэта зроблена. Відавочна, што мяне спрабуюць запалохаць і гэта ўсё формы ціску", — адзначае Алена Маслюкова.

Больш падрабязна пра інцыдэнт:

Да праваабаронцы Алены Маслюковай прыйшла міліцыя з аглядам

Як стала вядома ПЦ "Вясна", да экаактывісткі і праваабаронцы са Светлагорску Алены Маслюковай пад вечар 23 красавіка прыйшла міліцыя. У супрацоўнікаў - капітана міліцыі Давляцьярава і лейтэнанта Левянкова - нібыта ёсць падставы правесці агляд яе жытла і ўзяць у яе тлумачэнні.

Хто такая Алена Маслюкова:

“Светлагорскі завод — гэта фіяска Прэзідэнта, фіяска ўрада і канцэрна”

Праваабаронца Алёна Маслюкова распавяла, чаму яна прамяняла зручную працу настаўніцы на праваабарончую дзейнасць, як яна ставіцца да Міжнароднага жаночага дня і чаму светлагорскія эка-пратэсты не такія шматлюдныя ў параўнанні з берасцейскімі.

Крыніца: "Мяне спрабуюць запалохаць". Пракуратура разгледзела скаргу Алены Маслюковай на канфіскацыю тэлефона і ноўтбука