Грамадскае аб'яднанне "Экадом" праінфармавала Камітэт па пытаннях выканання Орхускай Канвенцыі аб новых выпадках пераследу актывістаў у Беларусі, якія рэалізуюць свае правы па Канвенцыі, а таксама аб адсутнасці з боку дзяржавы прынятых мераў па недапушчэнні практыкі пераследу і прыгнёту актывістаў. Аб гэтым паведамляецца на сайце арганізацыі. 

Орхуская канвенцыя, бокам якой з 2001 года з'яўляецца Рэспубліка Беларусь, прадугледжвае права грамадскасці на ўдзел у прыняцці экалагічна значных рашэнняў, у тым ліку права на ўдзел на самым раннім этапе, права на падачу і разгляд усіх заўваг і прапаноў, а таксама на тое, што заўвагі і прапановы грамадскасці будуць улічаныя пры прыняцці канчатковага рашэння.

Таксама арт. 3 Канвенцыі прадугледжвае, што "кожны бок забяспечвае, каб асобы, якія ажыццяўляюць свае правы ў адпаведнасці з палажэннямі дадзенай Канвенцыі, не падвяргаліся за сваю дзейнасць пакаранню, пераследу або ўціску ў любой форме".

У той жа час з сярэдзіны красавіка ў Беларусі адзначаецца аднаўленне практыкі пераследу актывістаў, узмацненне жорсткасці ціску і прыняцця рэпрэсіўных мераў у дачыненні да іх з боку дзяржавы, якія сталі сістэмнымі і масавымі. Асаблівую занепакоенасць выклікаюць дадзеныя падзеі на фоне пандэміі COVID-19.

У звароце прадстаўнікі ГА "Экадом" адзначаюць:

"На наш погляд, Міністэрству ўнутраных спраў і органам выканаўчай улады, а таксама Мінпрыроды, як органу адказнаму за рэалізацыю Орхускай Канвенцыі ў Беларусі, варта было б больш сур'ёзна падысці да пытання захавання Беларуссю Орхускай Канвенцыі, прыняўшы неабходныя меры да выключэння выпадкаў пераследу грамадзян за рэалізацыю іх экалагічных правоў, а таксама прыняць меры па рэалізацыі гарантый экалагічнай дзейнасці на практыцы.

Мы лічым, што актывісты рэалізуюць свае законныя правы і інтарэсы, у тым ліку прадугледжаныя Орхускай Канвенцыяй, а санкцыі, якія прымяняюцца да іх, носяць рэпрэсіўны характар, таму мяркуем неабходным адмяніць пастановы аб прыцягненні да адказнасці з прычыны адсутнасці складу правапарушэння ў дзеяннях актывістаў.

А таксама ўяўляецца неабходным вызваліць усіх затрыманых актывістаў, асабліва ўлічваючы неспрыяльную санітарна-эпідэміялагічную сітуацыю, звязаную з каранавірусам".

Поўны тэкст звароту даступны па спасылцы на рускай і англійскай мовах.

Орхуская Канвенцыя — Канвенцыя Еўрапейскай Эканамічнай Камісіі ААН «АБ доступе да інфармацыі, удзелу грамадскасці ў прыняцці рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя» (г. Орхус, Данія, 25 чэрвеня 1998 года), зацверджаная Указам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 снежня 1999 года № 726.

"Экадом" заклікае спыніць пераслед экалагічных актывістаў

Грамадскае аб'яднанне "Экадом" заклікае спыніць пераслед актывістаў, якія выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам, а таксама перагледзець практыку абмежавання права грамадскасці на правядзенне мірных сходаў.

Крыніца: Экадом праінфармаваў Камітэт па выкананні Орхускай канвенцыі аб пераследзе экаактывістаў у Беларусі