Сёмага траўня ў розных гарадах краіны працягнуўся пераслед грамадзян, якія ў апошнія дні выходзілі на мясцовыя акцыі пратэсту: у падтрымку экаактывістаў Брэста (“кармленне галубоў”) і ў падтрымку Сяргея Ціханоўскага. Не абыйшлося і без жорсткіх затрыманняў.
Віцебск
Па інфармацыі “Віцебскай Вясны”, адзін з удзельнікаў «кармленьня галубоў» у Віцебску Алег Баразна быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі каля свайго дому. Мужчыну адвезлі ў РАУС Чыгуначнага раёна.
Алег Баразна паспеў паведаміць па тэлефоне з аддзялення міліцыі, што на яго склалі адміністрацыйны пратакол паводле артыкулу 23.34 КаАП (Парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзення масавага мерапрыемства) – як на ўдзельніка «кармлення галубоў» у Віцебску ў нядзелю 3 траўня.
Ён паведаміў таксама, што пасля складання пратаколу яго збіраюцца адвезці да суда ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ). Разгляд справы адбудзецца заўтра, 8 траўня, ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску. Час пачатку паседжання пакуль невядомы.
У нядзельным «кармленні галубоў» 3 траўня ў Віцебску бралі ўдзел больш за 50 чалавек.
Новыя гарады далучаюцца да нядзельнага "кармлення галубоў”
Ліда
Да некалькіх удзельнікаў нядзельнага кармлення галубоў у Лідзе прыходзілі міліцыянты. На розных падставаў людзей спрабавалі выцягнуць на гутарку. Некаторых выклікаюць у мясцовы РАУС апытання ў межах адміністрацыйнага працэсу.
Таксама ў Лідзе ў гэты дзень праходзіла сустрэча падпісантаў “Краіны для жыцця”. 8 чалавек сабраліся ў цэнтры горада, гутарылі, пры гэтым за німі назіралі два супрацоўніка ў цывільным. Па завяршэнні сутсрэчы гэтыя супрацоўнікі затрымалі аднаго з удзельнікаў, які накіроўваўся ў сваю машыну. Яго павезлі ў Лідскі РАУС.
Магілёў
«Магілёўскай вясне» стала вядома аб затрыманні як мінімум чацвярых удзельнікаў акцыі 5 траўня. Нагадаем, тады людзі не далі міліцыі затрымаць прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага.
Пасля таго 5 траўня супрацоўнікі МУС вытрымалі суткі і пачалі помсціць.
Праваабаронца Саша Райкон паведаміў пра затрыманне Сцяпана Лазаронка - аднаго з тых, хто адбіваў чалавека ў міліцыі:
“Інфармацыя прыйшла ад яго жонкі Наталлі і цэнтральнага офіса ПЦ «Вясна». Каля 13 гадзін 7 мая да яго ў кватэру прыехалі супрацоўнікі міліцыі і, як паведаміла яго жонка, сказалі, што да яго ёсць прэтэнзіі з тэхаглядам аўтамабіля. У выніку яго забралі ў Кастрычніцкі РАУС Магілёва. Там яго пратрымалі мінімум пяць гадзін. Адтуль ён змог паведаміць па тэлефоне, што ў дачыненні да яго складзены пратакол па артыкулу 23.34 КаАП аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Па яго словах, яго, хутчэй за ўсё, накіравалі ў ізалятар часовага ўтрымання. Міліцыя лічыць спантанны сход людзей на Віцебскім праспекце незаконным мітынгам, што, вядома ж, з'яўляецца трызненнем. Сцяпан Лазаронак правядзе гэтую ноч у ІЧУ, пасля чаго яго будуць судзіць, мабыць, у судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва”, - распавёў Райкон.
Як распавёў праваабаронца, па тэлефоне Сцяпан Лазаронак распавёў яшчэ аб адным затрыманым - нехта Вячаслаў Зайцаў таксама быў на Віцебскім праспекце падчас інцыдэнту з міліцай.
Акрамя таго, MSPRING.ONLINE валодае інфармацыяй, што ў ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама ўтрымліваюцца яшчэ двое чалавек - Арцём Сакаў і вядучы стрыму Уладзімір Няронскі, які замяніў Сяргея Ціханоўскага на сустрэчы з магілёўцамі.
Як адзначыў Саша Райкон, міліцыя здзекуецца са сваякоў затрыманых, не даючы ім ведаць пра стан апошніх:
“Жонцы Лазаронка давялося правесці некалькі гадзін у недасведчанасці ў Кастрычніцкім РАУС, а мама Арцёма Сакава дагэтуль не ведае, у якім статусе яе сын".
Праваабаронцы "Магілёўскай вясны" будуць дзяжурыць заўтра з раніцы ў судах Магілёва, каб даведацца лёс гэтых людзей.
Гомель
У Гомелі акцыя ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага скончылася затрыманнямі, паведамляе TUT.BY. На плошчы Леніна ў Гомелі на акцыю ў падтрымку затрыманага блогера Сяргея Ціханоўскага сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Да прысутных падышлі сілавікі і папярэдзілі, што мерапрыемства несанкцыянаванае. Хвілін праз 30 пасля пачатку акцыі людзі сталі разыходзіцца. Тады пад'ехаў аўтобус, з якога з'явіліся супрацоўнікі АМАПа — пачаліся затрыманні.
Па словах відавочцаў, затрымлівалі ўсіх запар. Затрыманыя, у тым ліку журналісты TUT.BY і «Камсамольскай праўды ў Беларусі». Па дадзеных «Радыё Свабода», затрыманыя ад 20 да 30 чалавек
Інфармацыя па затрыманых будзе ўдакладняцца. Калі вас ці вашых знаёмых затрымалі, ці выклікаюць у міліцыю з нагоды ўдзелу ў акцыях пратэсту, просім звяртацца да праваабаронцаў: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. (грамадская прыёмная), маб.: (029) 841 39 81 (грамадская прыёмная) Signal, WhatsApp, Telegram.
Крыніца: Новыя затрыманні прыхільнікаў блогера Ціханоўскага прайшлі па ўсёй краіне