Прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных спраў Вольга Чамаданава 7 траўня заявіла, што блогера Сяргея Ціханоўскага 6 траўня затрымалі паводле судовай пастановы аб адміністрацыйным арышце, піша БелТА.
Паводле Чамаданавай, Ціханоўскага затрымалі ў Магілёве супрацоўнікі міліцыі пры ўдзеле АМАПу паводле пастановы суду Савецкага раёну Гомеля аб адміністрацыйным арышце.
Па дадзеных Праваабарончага цэнтра "Вясна", Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 15 сутак яшчэ 10 студзеня 2020 года. Блогера асудзілі тады паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) за ўдзел і асвятленне мінскай акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй 20 снежня. Але адбываць гэты 15-суткавы арышт тады яго не адправілі, а адпусцілі на волю пасля 15-суткавага арышту, які яму прысудзілі раней. Праваабаронцы "Вясны" меркавалі, што блогера Ціханоўскага адпусцілі, каб арыштаваць ў больш зручны момант. Пастанова аб арышце блогера ў законную сілу ўступіла 15 студзеня. Па законе ва ўладаў быў год, каб накіраваць Сяргея Ціханоўскага адбываць арышт.
Нагадаем, шостага траўня пад Магілёвам быў затрыманы папулярны youtube-блогер Сяргей Ціханоўскі. Яго адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання ў Магілёве. Затым яго адвезлі ў Гомель, дзе ён зараз і знаходзіцца. Таксама ў гэты дзень быў затрыманы блогер Сяргей Пятрухін. Ён знаходзіцца ў ізалятары ў Брэсце.За што менавіта затрыманы Пятрухіна, ці складзены на яго пратакол – дагэтуль невядома.Дагэтуль невядома месцазнаходжанне блогера Уладзіміра Няронскага.
Падрабязна пра пераслед блогераў можна пачытаць тут:
Пераслед блогераў: Затрыманы Сяргей Ціханоўскі і Сяргей Пятрухін
У Мінску жорстка затрымалі як мінімум 19 чалавек, якія хацелі падтрымаць Ціханоўскага
Крыніца: Блогера Ціханоўскага адправілі адбываць суткі за ўдзел у снежаньскай акцыі