Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) у межах кампаніі #ForFreedom заклікае ўрад Расійскай Федэрацыі неадкладна вызваліць гісторыка і даследчыка сталінскіх рэпрэсій Юрыя Дзмітрыева, які ўжо тры гады ўтрымліваецца ў СІЗА Петразаводска.
"Даследаванні Дзмітрыева па тэме сталінскіх рэпрэсій выклікалі гнеў расійскіх уладаў, якія імкнуцца прыменшыць маштаб злачынстваў савецкай эпохі. За час турэмнага зняволення падарванае здароўе Дзмітрыева зрабіла яго безабаронным перад #COVID-19", — адзначае FIDH.
Нагадаем, 64-гадовы гісторык Юрый Дзмітрыеў, кіраўнік Карэльскага "Мемарыяла", змяшчаецца ў ізалятары №1 у Петразаводску тры гады. Спачатку яго абвінавачвалі ў вырабе дзіцячай парнаграфіі (арт. 242.1 КК РФ), аднак пазней апраўдалі. Затым гісторыку было прад'яўлена новае абвінавачванне: дзеянні сэксуальнага характару ў дачыненні да прыёмнай дачкі (арт. 132 КК РФ).
Як паведамляе «Коммерсант», 6 траўня 155 навукоўцаў, акцёраў, рэжысёраў, журналістаў, пісьменнікаў і музыкаў звярнуліся ў Вярхоўны суд Карэліі з адкрытым лістом, у якім прасілі вызваліць з СІЗА Юрыя Дзмітрыева. Ліст падпісалі ў тым ліку журналіст Уладзімір Познер, музыка Барыс Грабеншчыкоў, кінакрытык Антон Долін, актрыса Юлі Ауг, рэжысёр Андрэй Звягінцаў, пісьменніца Людміла Уліцкая ды іншыя.
"У СІЗА горада Петразаводска, дзе ён утрымліваецца ўжо тры гады, выяўленыя першыя выпадкі захворвання каранавірусам, — сказана ў лісце, апублікаваным "Новай газетай" і адрасаваным старшыні Вярхоўнага суда Карэліі Анатолю Наквасу. — Дзмітрыеў вярнуў тысячам людзей памяць пра іх забітых бацькоў і дзедаў — і цяпер усе яны з хваляваннем сочаць за яго лёсам. Мы ўпэўненыя, што абвінавачванні, высунутыя супраць Юрыя Дзмітрыева, несправядлівыя і павінны быць знятыя падчас судовага разбору. Але хай ён дачакаецца рашэння суда ў бяспецы".
Таксама ў звароце падкрэсліваецца, што ў падтрымку Юрыя Дзмітрыева "ўжо пададзеныя дзве грамадскія петыцыі" - на платформах Avaaz і Change.org, якія падпісалі ў агульнай складанасці больш за 22 тыс.чалавек.
Сёння, 7 траўня, Вярхоўны суд Карэліі не задаволіў апеляцыю на падаўжэнне арышту Юрыя Дзмітрыева. Ён будзе знаходзіцца пад вартай да 25 чэрвеня, паведамляе "Інтэрфакс" са спасылкай на прэс-службу суда.
Па дадзеных "Мемарыялу", Юрый Дзмітрыеў — адзіны ў Расіі даследчык, заняты аднаўленнем пайменны спісы пахаваных у агульных расстрэльных ямах у гады сталінскіх рэпрэсій. Ён быў адным з тых, хто выявіў ва ўрочышчы Сандармах масавае пахаванне 7,6 тыс. чалавек, расстраляных у Карэліі падчас вялікага тэрору 1937-1938 гадоў. Таксама спадар Дзмітрыеў знайшоў у архівах расстрэльныя акты НКУС і аднавіў асобы большай часткі забітых.
FIDH: Праваабаронцы павінны быць неадкладна вызваленыя з месцаў зняволення
Крыніца: FIDH патрабуе неадкладнага вызвалення Юрыя Дзмітрыева