Праваабаронца "Вясны" і юрыст Прафсаюза РЭП з Баранавічаў Аляксандр Вайцешык, якога асудзілі па адміністрацыйным артыкуле аб дробным хуліганстве за тое, што спрабаваў трапіць на пасяджэнне агракамбіната "Сноў", працягвае абскарджваць дзеянні як суддзяў, так і міліцыі. На яго бок стала пракуратура і вынесла прадстаўленне начальніку Нясвіжскага РАУС.
Нагадаем, што Аляксандра Вайцешыка затрымалі ў Нясвіжы 22 лютага, калі ён спрабаваў прайсці на сход агракамбіната "Сноў" у якасці даверанай асобы былога работніка агракамбіната Вячаслава Сырыцы. Праваабаронца планаваў прадстаўляць інтарэсы Сырыцы, бо на сходзе вырашалі пытанне аб яго выключэнні з агракамбіната і пазбаўлення звання ганаровага работніка. Аднак дружыннікі і міліцыя, якія стаялі на ўваходзе ў залу, не захацелі прапусціць Вайцешыка ўнутр. Канфлікт скончыўся затрыманнем праваабаронцы, а пасля гэтага яму стала дрэнна, і ён апынуўся на некалькі дзён у шпіталі.
Пасля выпіскі нясвіжскія міліцыянты склалі на яго пратакол за "дробнае хуліганства" (артыкул 17.1 КаАП) - за тое, што ён нібыта штурхаў дружынніка і перашкаджаў грамадзянам праходзіць у залу на сход. 17 красавіка суд Баранавіцкага раёна вынес рашэнне: прызнаць Вайцешыка вінаватым і аштрафаваць на 10 базавых велічынь (270 рублёў).
Яшчэ да абвяшчэння даты пасяджэння Аляксандр Вайцешык накіраваў заяву ў пракуратуру Нясвіжскага раёна, у якой апісаў усе парушэнні, дапушчаныя Нясвіжскім РАУС падчас падрыхтоўкі яго справы. Пракурор Аляксандр Алісевіч пагадзіўся з яго довадамі. Пракуратура правяла праверку і па яе выніках вынесла прадстаўленне начальніку Нясвіжскага РАУС.
4 траўня пракурор Несвіжскага раёна дадаткова паведаміў праваабаронцу, што Несвіжскі РАУС разглядзеў прадстаўленне пракурора аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства. За дапушчаныя недахопы ў службовай дзейнасці старэйшы ўчастковы М. Хвіцько папярэджаны аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці пры паўтарэнні аналагічных недахопаў у далейшым. А маёру міліцыі А. Саленіку пазначана на больш якасны кантроль пры вядзенні падначаленымі адміністрацыйнага працэсу.
Крыніца: Пакараныя міліцыянты, якія вялі справу праваабаронцы Вайцешыка