Журналісты ўсіх навінавых медыя павінны мець роўны і поўны доступ да грамадска значнай інфармацыі, а дзяржаве неабходна забяспечыць для СМІ розных формаў уласнасці роўныя ўмовы для доступу да бюджэтнага фінансавання на конкурснай аснове, размеркаванні частотнага рэсурсу і атрымання ліцэнзій.
Пра гэта заявілі аўтары дакладу "Медыя ў Беларусі 2020" падчас онлайн-прэзентацыі новага даследавання 4 траўня ў Мінску, піша БАЖ.
Аналітычны даклад "Медыя ў Беларусі 2020. Рынак, законы, інфармацыйная бяспека" аналізуе сучасны стан медыясферы Беларусі і прапануе рэкамендацыі для паляпшэння сітуацыі са свабодай медыя ў краіне. Ён быў падрыхтаваны на аснове аналізу дадзеных розных даследаванняў, а таксама інтэрв'ю з вядучымі экспертамі ў галіне медыя.
Аўтарамі дакладу сталі медыяэксперт Андрэй Аляксандраў і старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.
"У лютым 2014 года мы прадставілі наш папярэдні аналітычны даклад "За рэформы СМІ ў Беларусі". Той дакумент мы прынялі за пэўную адпраўную кропку для ўсебаковага аналізу медыйнай сферы краіны. Нам было важна прааналізаваць змены, якія адбыліся за гэтыя шэсць гадоў як на рынку медыя і ў структуры медыяспажывання, так і ў заканадаўстве, якое ўплывае на медыя, і практыках яго прымянення", — адзначыў Андрэй Аляксандраў.
Як адзначаецца ў дакладзе, галоўнай крыніцай інфармацыі для жыхароў Беларусі застаецца тэлебачанне. Аднак яго доля ў структуры медыяўжывання зніжаецца. Усё большы ўплыў мае інтэрнэт. Прычым ён ужо стаў лідарам канала на рэкламным рынку, абагнаўшы ў 2019 годзе па долі тэлебачанне.
Агульны аб'ём рынку медыйнай рэкламы Беларусі ў 2019 годзе ацэньваўся ў 115 мільёнаў долараў ЗША. На рэкламу ў Інтэрнэце прыйшлося 45 мільёнаў USD супраць 42 мільёнаў USD, выдаткаваных на рэкламу на ТБ. Прагнозы на 2020 год меркавалі далейшы рост аб'ёму рынку, аднак эканамічны крызіс, звязаны з пандэміяй COVID-19, можа сур'ёзна паўплываць на гэтыя прагнозы.
У Беларусі пашыраецца выкарыстанне мабільных платформаў і мэсанджараў. Стабільна высокую папулярнасць сярод жыхароў Беларусі маюць сацыяльныя сеткі.
"Гэтыя фактары спрыяюць развіццю новых медыя на аснове лічбавых тэхналогій, фарміраванню новых супольнасцяў вакол блогераў, актывістаў, медыяперсонаў і медыйных праектаў, не звязаных з традыцыйнымі СМІ, а таксама дыверсіфікацыі каналаў дыстрыбуцыі журналісцкага і іншага кантэнту. Усе гэтыя трэнды робяць сучасны медыяландшафт Беларусі складанай і разнастайнай экасістэмай", — адзначаецца ў дакладзе.
Андрэй Аляксандраў падчас анлайн-прэзентацыі дакладу падкрэсліў:
"Адзін з экспертаў, з якім мы кансультаваліся, назваў трэндам у медыяпрасторы тэлеграм — гэтыя каналы становяцца ўсё больш папулярнымі. Многія з іх ананімныя. Першыя скрыпкі там гуляюць "новыя медыя", аўтарскія каналы, якія ўжо з'яўляюцца паўнавартаснымі медыя ў сучасным разуменні гэтага тэрміна. Эксперты кажуць, што перад медыя цяпер стаіць выклік пошуку фінансавай устойлівасці. Гадоў пяць таму казалі аб выжыванні. Цяпер, слава Богу, пайшло гэта слова з лексікону. Медыя маюць патрэбу ва ўзмацненні кадрамі, прычым гаворка не толькі пра журналістаў, але і пра спецыялістаў па дыстрыбуцыі, продажах, мэнэджэрах".
Аляксандраў адзначыў, што ўсведамленне СМІ сябе як медыябізнесу, праца ў розных напрамках на рынку, развіццё аддзелаў продажаў, праца з аўдыторыяй і ператварэнне яе ў супольнасць, продаж гэтай аўдыторыі рэкламадаўцам — галоўныя дасягненні беларускіх медыя за апошнія пяць гадоў.
Аднак Андрэй Бастунец нагадаў, што цяпер назіраецца сур'ёзны спад у друкаваных медыя. Ім асабліва цяжка выжываць на рынку. І гэта таксама варта ўлічваць у ацэнцы эканамічнай сітуацыі.
Аўтары дакладу "Медыя ў Беларусі 2020" адзначаюць, што пры агульнай тэндэнцыі ўзмацнення дзяржаўнага кантролю над медыяпрасторай, за апошнія шэсць гадоў былі і пазітыўныя змены ў заканадаўстве аб СМІ і практыцы яго прымянення. Сярод іх — вяртанне ў дзяржаўныя сістэмы распаўсюджвання па падпісцы і ў розніцу шэрагу недзяржаўных газет пасля 11 гадоў дыскрымінацыі, неабавязковы характар рэгістрацыі навінавых інтэрнэт-рэсурсаў у якасці "сеткавых выданняў", магчымасць судовага аспрэчвання абмежавання доступу да сайтаў іх уладальнікаў.
"Але большасць змяненняў заканадаўства ў сферы свабоды выказвання меркавання за апошнія гады былі накіраваныя на абмежаванне гэтай свабоды", — сказаў Андрэй Бастунец.
У прыватнасці, уведзеная законам, хай і добраахвотная, рэгістрацыя інтэрнэт-выданняў у якасці СМІ ажыццяўляецца ў дазвольным і ўскладненым парадку. А інтэрнэт-выданні, не зарэгістраваныя ў якасці СМІ, не атрымліваюць правоў СМІ, роўна як і іх супрацоўнікі не атрымліваюць правоў журналістаў — але пры гэтым на іх распаўсюджваюцца ўсе абавязкі, прадугледжаныя Законам аб СМІ, і патэнцыйныя санкцыі дзяржаўных органаў.
Застаецца вострай праблемай пераслед журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі медыя, у першую чаргу, з тэлеканалам "Белсат". Па дадзеных Беларускай асацыяцыі журналістаў, з 2014 па 2019 гады ў гэтай сувязі было адзначана 279 выпадкаў штрафаў у дачыненні да журналістаў за "незаконнае распаўсюджванне прадукцыі СМІ".
Таксама кіраўнік ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" сказаў пра новыя выклікі, якія стаяць перад медыя ў сувязі з эпідэміяй COVID-19. Бастунец звярнуў увагу на складанасці доступу да інфармацыі аб сітуацыі з каранавірусам і пакаранні медыя, якія нават у такіх умовах імкнуцца інфармаваць сваіх чытачоў. У прыватнасці, уладальніку сеткавага выдання Media-polesye.by вынесенае пісьмовае папярэджанне аб парушэнні патрабаванняў артыкулаў 4 і 49 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі", а "Наша Ніва" атрымала ліст з Міністэрства інфармацыі.
"Галоўным прынцыпам рэгулявання журналістыкі павінна стаць незалежная самарэгуляванне; журналісты любых медыяў, традыцыйных і анлайн, уключаючы фрылансераў, павінны мець роўныя правы для сваёй прафесійнай дзейнасці. Працэдура рэгістрацыі СМІ павінна быць максімальна спрошчаная, адбывацца ў паведамляльным парадку і выключаць любыя штучныя абмежаванні для ўваходу на рынак СМІ", — адзначыў Бастунец.
Аўтары дакладу таксама заклікаюць улады Беларусі выключыць магчымасць спынення дзейнасці СМІ ў пазасудовым парадку; не ўжываць інстытут акрэдытацыі для абмежавання доступу да інфармацыі, а таксама адмяніць шэсць артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі аб дыфамацыі — у тым ліку артыкулы аб паклёпе і абразе прэзідэнта краіны і прадстаўнікоў улады, і артыкул, які прадугледжвае адказнасць за "дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь".
Новы раздзел дакладу разглядае пытанні інфармацыйнай бяспекі Беларусі і ўплыву расійскіх медыя і прапаганды на сітуацыю ў краіне.
Маніторынг прарасійскай прапаганды і рыторыкі паглыбленай інтэграцыі, які правяла Беларуская асацыяцыя журналістаў, паказаў, што дзяржаўныя тэлеканалы дэманстравалі ў прайм-тайм больш за 60% прадукцыі расійскай вытворчасці. Калі дадаць фільмы і серыялы расійскай вытворчасці, то сумарны час прысутнасці расійскай тэлепрадукцыі ў беларускім тэлеэфіры аказваецца яшчэ большым.
"Беларуская аўдыторыя сістэмна і рэгулярна атрымлівае пераважна расійскі медыйны парадак дня і пракрамлёўскі погляд на асноўныя падзеі ў свеце, у тым ліку з дзяржаўнага тэлебачання, што фінансуецца з бюджэту. Меры, што прымаюцца беларускімі ўладамі для абароны інфармацыйнай прасторы краіны, па-ранейшаму прадстаўляюцца не адэкватнымі рэальным пагрозам", — адзначаецца ў даследаванні.
Даклад "Медыя ў Беларусі 2020" змяшчае шэраг рэкамендацый, выкананне якіх дазволіць палепшыць сітуацыю са свабодай медыя і інфармацыйнай бяспекай краіны. Аўтары дакладу маюць намер накіраваць яго ў адпаведныя дзяржаўныя органы.
"Мы перакананыя ў тым, што свабода выказвання меркаванняў у цэлым і свабода прэсы ў прыватнасці з'яўляюцца фундаментальнымі асновамі развіцця дэмакратычнага грамадства і гарантыяй выканання многіх іншых правоў і свабодаў. І мы гатовыя да канструктыўнага дыялогу і сумеснай працы з уладамі, экспертнай і медыйнай супольнасцю і грамадзянскай супольнасцю Беларусі для рэалізацыі ўсіх нашых рэкамендацый", — сказалі аўтары дакладу.
Аналітычны даклад "Медыя ў Беларусі 2020. Рынак, законы, інфармацыйная бяспека " падрыхтаваны пры падтрымцы Пасольства Вялікабрытаніі ў Беларусі.