У Берасці 3 траўня адбылася традыцыйная акцыя пратэсту супраць пуску акумулятарнага завода АКБ. Паводле праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, удзел у акцыі – “кармленне галубоў” прынялі каля 250 чалавек.
Многія ўдзельнікі былі ў масках жоўтага колеру з надпісам “Жыць”.
Людзі абмяркоўвалі сітуацыю з арыштаванымі раней актывістамі Дзмітрыем Андрасюком і Аляксандрам Кабанавым, якія раніцай павінны былі выйсці з ІЧУ Ленінскага РАУС пасля 15 сутак арышту.
Пасля выступаў актывістаў на плошчы Леніна яе ўдзельнікі пайшлі па цэнтральных вуліцах Брэста да кінатэатра «Беларусь». Гучалі лозунгі: “Не заводу АКБ”, "Свабоду актывістам», «Лукашэнка, сыходзь» і іншыя.
Напрыканцы акцыі быў затрыманы адзін з удзельнікаў акцыі, які трымаў сцяг Берасця. Пазней высветлилася, што яго завуць Андрэй Кульбеда.
“Галубоў кармілі” і ў іншых гарадах Беларусі: Магілёве, Маладэчна, Пінску, Светлагорску.
Пінчукі ўжо ў другі раз выйшлі на Набярэжную Піны “пакарміць галубоў”. Кінулі кліч у інтэрнэце і а 12.00 на Набярэжнай сабралася каля 15 чалавек і літаральна адразу да іх пад'ехала “хуткая дапамога” і міліцыя.
У ГАУС г. Пінска даставілі двух мужчын, якія адмаўляліся прад'яўляць дакументы. Пазней іх адпусцілі. Аднаго з пастарунку, а другога адвезлі да лякарні і адпусцілі адтуль.
У Магілёве 2 траўня на плошчы Славы (многія магілёўцы па-ранейшаму называюць яе Савецкая плошча) сабралася каля 15 чалавек. Як паведамляе mspring.online, значная частка з іх – журналісты. Частка – палітыкі і актывісты, пра якіх ужо мноства разоў пісалі тыя самыя журналісты. Траціна ж з агульнага ліку – гэта галоўныя персоны кармлення галубоў: удзельнікі чата «Магілёў для жыцця», аб’яднаныя незадаволенасцю з нагоды таго, што адбываецца ў краіне.
Крыніца: Новыя гарады далучаюцца да нядзельнага "кармлення галубоў”