Праз каранцін, у якім перабываюць чатыры мільярды чалавек у 90 краінах, расце небяспека гвалту ў дачыненні да жанчын, заяўляе Фонд ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) па выніках новага даследавання, піша belsat.eu. Паводле выканаўчага дырэктара ЮНФПА Наталлі Канэм, пандэмія пагаршае няроўнасць, а мільёны жанчын і дзяўчат зараз рызыкуюць страціць здольнасць планаваць свае семʼі і абараняць сваё цела і здароўе.
Калі каранцін працягнецца яшчэ на паўгода, 47 млн жыхарак 114 краін з нізкім і сярэднім прыбыткам пазбавяцца доступу да супрацьзачаткавых сродкаў, а ў свеце адбудзецца прынамсі 31 млн дадатковых выпадкаў гендарнага гвалту. У бліжэйшыя месяцы гэта прывядзе да 7 млн непажаданых цяжарнасцяў.
Эксперты арганізацыі прыйшлі да высновы, што кожныя тры наступныя месяцы каранціну могуць павялічыць колькасць гвалтаў на 15 млн.
«Новыя звесткі паказваюць катастрафічны ўплыў, які COVID-19 можа неўзабаве аказаць на жанчын і дзяўчат ува ўсім свеце», – дадала Наталля Канем.
Паводле статыстыкі, менш за 40 % жанчын, якія сустракаюцца з гвалтам, звяртаюцца за дапамогай любога віду або паведамляюць пра гэтае злачынства. Менш за 10 % жанчын, якія звяртаюцца па дапамогу, ідуць у паліцыю.
«У мностве краінах закон не на баку жанчын; у кожнай чацвёртай краіне няма законаў, непасрэдна абараняюць жанчын ад гвалту ў сямʼі», – заяўляюць у ААН.
Умовы пандэміі парушаюць працу сацыяльныя службаў, паліцыі ды судоў, і, у выніку, яшчэ болей абмяжоўваюць магчымасці жанчын і дзеўчын атрымаць дапамогу па тэлефоне даверу або праваахоўнікаў ды спрыяюць беспакаранасці злачынцаў.
Паводле ЮНФПА, яшчэ да з’яўлення каронавірусу побытавы гвалт быў адным з самых сурʼёзных парушэнняў правоў чалавека: за папярэднія 12 месяцаў сексуальны або фізічны гвалт з боку партнёраў ува ўсім свеце зведалі 243 млн жанчын і дзяўчынак ува ўзросце 15–49 гадоў.
Крыніца: Кожныя тры месяцы – 15 млн гвалтаў. ААН распавяла пра ценявы бок каранціну для жанчын