Шэраг няўрадавых арганізацый Беларусі накіравалі ўладам сумесныя прапановы па канцэпцыі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб доступе да інфармацыі аб дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі”. Дакумент, над якім працавалі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», «Цэнтр прававой трансфармацыі», Human Constanta, «Офіс па правах людзей з інваліднасцю» і аб'яднанне «Экадом», накіраваны для разгляду ў Міністэрства юстыцыі, Міністэрства інфармацыі, Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў, Вярхоўны суд і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі.
Як паведамляе прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, згодна з указам прэзідэнта, у 2020 годзе ў Беларусі павінна быць распрацавана канцэпцыя закона «Аб доступе да інфармацыі аб дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі». ГА “БАЖ” і іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасці заклікаюць замацаваць у Канцэпцыі закона шэраг важных палажэнняў.
У прыватнасці, як лічаць эксперты, неабходна замацаваць прынцыпы адкрытасці і даступнасці інфармацыі аб дзейнасці судоў, свабоды пошуку, атрымання, перадачы і распаўсюджвання інфармацыі аб дзейнасці судоў любым законным спосабам, а таксама аб аб падставах для правамерных абмежаванняў рэалізацыі права на атрыманне адпаведнай інфармацыі, згодна з арт. 23 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Адна з прапаноў датычыцца павышэння празрыстасці працы судовага корпуса.
«Неабходна зрабіць максімальна празрыстымі звесткі аб працы судовай сістэмы, да якіх могуць быць аднесены як пытанні адбору кандыдатаў на судзейскія пасады, так і інфармацыя аб праходжанні службы дзеючымі суддзямі (у тым ліку і з размяшчэннем на сайтах судоў звестак аб даходах суддзяў)», - лічаць аўтары прапаноў.
Асобна адзначаны такія пункты, як парадак узаемадзеяння судоў з прадстаўнікамі СМІ, прадастаўленне дадатковых гарантый людзям з інваліднасцю, прававыя наступствы парушэнняў, звязаных з прадастаўленнем адпаведнай інфармацыі.
Аўтары прапаноўваюць:
- Прыняць пад увагу вышэйпрыведзеныя прапановы і ўключыць іх у канцэпцыю закона “Аб доступе да інфармацыі аб дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі”;
- У далейшым прыцягнуць прадстаўнікоў нашых арганізацыі да працэсу падрыхтоўкі і абмеркавання канцэпцыі і праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб доступе да інфармацыі аб дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі”;
- Разгледзець нашы прапановы па сутнасці і даць адказ аб іх абгрунтаванасці ці неабходнасці ва ўстаноўлены законам тэрмін;
- Апублікаваць Канцэпцыю для шырокага грамадскага абмеркавання.
З поўным тэкстам дакумента можна азнаёміцца на сайце Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend).
Крыніца: Прапановы па канцэпцыі Закона аб доступе да інфармацыі аб дзейнасці судоў накіраваныя ўладам