Як стала вядома ПЦ "Вясна", да эка-актывісткі і праваабаронцы са Светлагорску Алены Маслюковай пад вечар 23 красавіка прыйшла міліцыя. У супрацоўнікаў - капітана міліцыі Давляцьярава і лейтэнанта Левянкова - нібыта ёсць падставы правесці агляд яе жытла і ўзяць у яе тлумачэнні.
Па першаснай інфармацыі, у міліцыю паступіла заява ад нейкай грамадзянкі Зобавай, якая абвінаваціла праваабаронцу ў абразе (арт. 189 Крымінальнага кодэкса).
Зараз Алену Маслюкову апытваюць наконт яе асабістых старонак у сацыяльных сетках. Праваабаронца адмовілася ад дачы тлумачэнняў на падставе арт. 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Па выніку праведзенага агляду ў Алены Маслюковай былі канфіскаваныя смартфон і ноутбук. Заўтра ў 16.00 ёй трэба з'явіцца ў пастарунак для дачы тлумачэнняў.
Як пазней паведаміла сайту Палеская Вясна Алена Маслюкова, яна ведае двух грамадзянак Зобавых у Светлагорску. Днямі яна дапамагала рыхтаваць зварот інваліду-вазочніцы на імя начальніка раённага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Наталлі Зобавай. Але, як паведамілі міліцыянты, справа не ў гэтай Зобавай, а ў яе родзічцы - Галіне Зобавай.
Галіна Зобава падчас афіцыйнага пуску Светлагорскага завода беленай цэлюлозы размаўляла з прэзідэнтам Лукашэнкам і гэты момант паказаў дзяржаўны тэлеканал Беларусь 1. Зобава тады сказала Лукашэнку:
"Аляксандр Рыгоравіч, ну вось неяк у нас у краіне так вось адбываецца - як толькі пачынаецца будавацца якое-небудзь прадпрыемства - адразу ў інтэрнэце з'яўляецца шуміха. І ў асноўным гэта закранае пытанні якогасьці экалагічнага характару. І вось гэтым крыкунам, ім жа няўцям, што яны ў першую чаргу ганьбяць не толькі наш горад, але і краіну ў цэлым, згадзіцеся?! І каму як не нам - работнікам гэтага прадпрыемства, ведаць наколькі яно бяспечнае ў плане экалогіі, таму што ў нас тут часцяком мы працуем цэлымі сем'ямі. А вось Вы, Аляксандр Рыгоравіч, як увогуле ставіцеся да экалагічнай бяспекі ў Беларусі?"
24 лютага Галіна Зобава напісала на Алену Маслюкову заяву аб абразе. Пра гэта Алене паведамілі міліцыянты на пытанне пра тое, што паслужыла нагодай да нейкіх працэсуальных дзеянняў датычна да яе. Сама Алена кажа, што памятае толькі, што ў сацсетцы "Аднакласнікі" тады змясціла пост (сёння яна яго знайшла) з фразай "Прывітанне ад "крыкуноў". А ўжо пад гэтым пастом іншыя жыхары горада выказвалі сваё стаўленне да гераіні роліка.
"Я лічу, што ўлада ўжо пачала рыхтавацца да маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў. Такія дзеянні праваахоўнікаў я разумею, як своеасаблівы прэсінг. Уладам надакучыла, што мы кожную нядзелю выходзім на плошчу, што пішам звароты і спрабуем дамагчыся праўды і чыстага паветра ў сваім горадзе. І такім чынам з дапамогай тае жанчыны яны вырашылі на мяне націснуць", - ацаніла сітуацыю Алена Маслюкова.
Хто такая Алена Маслюкова:
“Светлагорскі завод — гэта фіяска Прэзідэнта, фіяска ўрада і канцэрна”
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96
Крыніца: Да праваабаронцы Алены Маслюковай прыйшла міліцыя з аглядам Дапоўнена