Удзельнікі незалежнай кампаніі па назіранні за выбарамі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" накіравалі 29 красавіка ў Цэнтрвыбаркам, Палату прадстаўнікоў і Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусі шэраг важных прапаноў па правядзенні прэзідэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца не пазней за 30 жніўня гэтага года. Праваабаронцы канстатантавалі наяўнасць патэнцыйнай небяспекі для жыцця і здароўя грамадзян ва ўсіх працэдурах выбарчага працэсу, якія прадугледжваюць кантакт людзей, а тым больш, знаходжанне людзей у адным месцы як у памяшканні, так і на адкрытым паветры. Яны мяркуюць, што ўспрыманне гэтай небяспекі будзе перашкодай для свабоднага ўдзелу грамадзян і палітычных суб'ектаў у выбарчым працэсе, прывядзе да зніжэння легітымнасці выбараў і можа стаць сур'ёзным бар'ерам для рэалізацыі найважнейшых правоў выбаршчыкаў і актыўных удзельнікаў выбарчага працэсу.

На падтставе гэтага праваабаронцы прапанавалі зацікаўленым органам заканадаўчай і выканаўчай улады Беларусі распрацаваць і прыняць комплекс заканадаўчых і арганізацыйных мер, якія забяспечаць бяспечнае ажыццяўленне ўсіх без выключэння выбарчых правоў грамадзян без іх непрапарцыйнага абмежавання ва ўмовах пандэміі і кампенсуюць суразмерныя абмежаванні прадастаўленнем новых магчымасцяў, адначасова выказваючы гатоўнасць прыняць удзел у выпрацоўцы такіх мер.

Так, акрамя ўсяго іншага, "Праваабаронцы за свабодныя выбары" прапанавалі дэпутатам Палаты Прадстаўнікоў унесці ў Выбарчы кодэкс змены ў артыкулы, якія бы амацоўвалі магчымасць і парадак дачы згоды выбаршчыкам аб вылучэнні асобы кандыдатам у прэзідэнты, акрамя непасрэднага афармлення ў падпісным лісце ў прысутнасці члена ініцыятыўнай групы, таксама і шляхам дыстанцыйнага выказвання такой згоды, а менавіта: па пошце, па электроннай пошце, з дапамогай службы кароткіх паведамленняў аператараў мабільнай сувязі, з дапамогай электроннай перадачы выявы запоўненага падпіснога ліста. Таксама праваабаронцы прапанавалі змяніць парадак праверкі подпісаў, пададзеных у падтрымку кандыдата.

Цэнтрвыбаркаму "Праваабаронцы за свабодныя выбары" прапанавалі, акрамя ўсяго іншага, пры распрацоўцы і прыняцці пастаноў, якія рэгулююць асобныя этапы выбарчага працэсу, улічваць небяспекі распаўсюджвання COVID-19. 

Вярхоўнаму Суду Рэспублікі Беларусь праваабаронцы прапанавалі забяспечыць магчымасць разгляду выбарчых спрэчак з дапамогай укаранення элементаў электроннага судаводства.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" звярнулі ўвагу, што правядзенне свабодных і справядлівых выбараў звязана з імплементацыяй у выбарчае заканадаўства рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, тым больш, што большасць такіх рэкамендацый можа быць рэалізавана праз пастановы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Выбары ва ўмовах пандэміі: Важныя прапановы праваабаронцаў

Файлы

Крыніца: Выбары ва ўмовах пандэміі: Важныя прапановы праваабаронцаў Дакумент