23 красавіка суддзя суда Чыгуначнага раёна Гомеля Яўген Шаршнёў прызначыў штраф у 405 рублёў (15 базавых) гамельчуку Ігару Мазейке за дэманстрацыю ва "ВКонтакте" фільма блогера Nexta "Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы", паведамляе "Гомельская Вясна".
Малады чалавек, які працуе на заводзе "Гомсельмаш" электраманцёрам, факт размяшчэння матэрыялу ў сябе на старонцы не адмаўляў, пра тое, што фільм пра Лукашэнку ўключаны ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, ён даведаўся, калі ім зацікавілася міліцыя.
Супраць гамяльчука быў складзены пратакол па ч. 2 арт. 17.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў).
За працэсам назіраў праваабаронца Леанід Судаленка, які падкрэсліў, што права на распаўсюд інфармацыі не з'яўляецца абсалютным і можа падлягаць пэўным абмежаванням. Па беларускіх законах сам факт размяшчэння ў сетцы матэрыялаў, уключаных у рэспубліканскі экстрэмісцкі спіс, ўтварае склад правапарушэння, прычым па-за залежнасці ад яго мэтаў.
"Свабода выказвання меркаванняў з'яўляецца фундаментальным правам, у тым ліку і ў дачыненні да той інфармацыі, якая шакіруе, абражае або выклікае занепакоенасць. Еўрапейскія стандарты гэтага права патрабуюць кожны раз даказваць неабходнасць і суразмернасць яго абмежавання. Вельмі проста адкрыць КаАП, знайсці нумар артыкула і выпісаць штраф. Значна складаней знайсці і абгрунтаваць доказы для абмежавання канкрэтнага права чалавека. Мы будзе абскарджваць гэтую пастанову ў абласным судзе", - адзначыў праваабаронца.
Варта адзначыць, што 31 сакавіка гэты ж суддзя Чыгуначнага раёна Гомеля прызначыў Ігару Мазейку штраф у 135 рублёў (5 базавых) за дэманстрацыю ў "ВКонтакте" відэазапісу "Лукашэнка пра Гітлера". Дадзеная пастанова суда ў цяперашні час абскарджана ў Гомельскім абласным судзе.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96
Крыніца: Гамельчука аштрафавалі за публікацыю фільма блогера Nexta пра Лукашэнку