Павел Левінаў. Фота DW Праваабаронца Павел Левінаў папрасіў Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму даць яму поўную інфармацыю аб складзе і працы Віцебскай абласной грамадскай назіральнай камісіі. Як паведамляе "Віцебская Вясна", у адках яму не назвалі ніводнага прозвішча, спаслаўшыся на тое, што гэтая інфармацыя абмежаваная.

9 сакавіка простае таварыства «Грамадскі камітэт упаўнаважаных па правах чалавека «Правы для ўсіх» вылучыла Паўла Левінава ў склад Віцебскай абласной грамадскай назіральнай камісіі (ВАГНК). Ва ўпраўленне юстыцыі была накіраваная заяўка. Але калі праваабаронца захацеў спраўдзіць, колькі чалавек і хто канкрэтна ўваходзіць на сёння ў склад камісіі, сутыкнуўся з праблемамі: інфармацыя аказалася закрытай.

Не назвалі ніводнага канкрэтнага прозвішча

Кіруючыся арт. 34 Канстытуцыі, які гарантуе грамадзянам права на атрыманне поўнай, праўдзівай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, Павел Левінаў звярнуўся ў Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму з просьбай даць яму інфармацыю аб складзе і дзейнасці грамадскай назіральнай камісіі. Прасіў назваць прозвішчы і імёны сябраў камісіі, нумары і даты загадаў аб зацверджанні іх кандыдатур, а таксама даты справаздач аб працы камісіі за тры апошнія гады.

Праваабаронцу не назвалі аніводнага канкрэтнага прозьвішча. Першая намесніца начальніка ўпраўлення юстыцыі Быкава адмовілася зрабіць гэта, спаслаўшыся на арт. 17 Закону «Аб інфармацыі», паводле якога «персанальныя дадзеныя фізычнай асобы адносяцца да інфармацыі, распаўсюд і азнаямленне з якой абмежаванае».

Між іншым, чыноўніца паведаміла, што ў склад грамадскай назіральнай камісіі ўваходзяць прадстаўнікі грамадскага аб’яднання «Віцебская асацыяцыя псіхолагаў», фізкультурна-спартовага аб’яднання «Энэргетык-Ворша», арганізацыі «Рускі культурны цэнтар «Русь», таварыства сяброўства «Полацак-Фрыдрыхсхафэн», аб’яднання былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, Беларускага саюзу вэтэранаў вайны ў Аўганістане, Беларускага фонду міру, БРСМ ды іншых арганізацый.

Левінаў патрабуе перагледзець склад камісіі

На думку Паўла Левінава, утойванне персанальных дадзеных аб складзе камісіі незаконнае. Бо, згодна з заканадаўствам, «інфармацыя аб складзе абласной камісіі накіроўваецца ва ўпраўленне ўнутраных спраў і публікуецца ў сродках масавай інфармацыі».

Праваабаронца паведаміў «Віцебскай Вясне», што пасля таго, як атрымаў адмову, зладзіў інтэрнэт-маніторынг і ўжо праз 4 гадзіны высветліў прозвішчы ўсіх сябраў камісіі.

«Аналіз складу АНК паказаў, што ў ёй адсутнічаюць прадстаўнікі праваабарончай і журналісцкай супольнасці, а актыўны ўдзел у яе працы за 2017-2019 гады брала ўдзел меншая частка складу камісіі», – кажа Павел Левінаў.

Цяпер праваабаронца патрабуе ад упраўлення юстыцыі перагледзець склад абласной назіральнай камісіі і ўключыць у яе прадстаўнікоў незалежных грамадзкіх аб’яднанняў, у тым ліку праваабарончых і журналісцкіх арганізацый. Кваліфікаваных мэдыкаў і юрыстаў, а таксама экспэртаў у галіне правоў чалавека.

Ён просіць таксама паведаміць яму, у якіх усё ж сродках масавай інфармацыі быў апублікаваны склад ВАГНК, як таго патрабуе заканадаўства.

Грамадскія назіральныя камісіі ствараюцца ў складзе ад 3 да 11 чалавек. Асноўная іх функцыя – грамадскі кантроль за дзейнасцю органаў і ўстановаў, якія выконваюць пакаранне ды іншыя меры крымінальнай адказнасці. На дадзены момант з парваабаронцаў у склад грамадскіх назіральных камісій уваходзяць старшыня БХК Алег Гулак (Рэспубліканская ГНК) і праваабаронца “Вясны” Барыс Бухель (Магілёўская абласная ГНК).

Барыс Бухель: ГНК уяўляюць з сябе кампаніі «вясельных генералаў»

Юрыст "Вясны" з Магілёву Барыс Бухель распавядае, што могуць і чаго не могуць на практыцы рабіць беларускія грамадскія назіральныя камісіі.

Крыніца: Віцебскае ўпраўленне юстыцыі адмовілася назваць склад грамадскай назіральнай камісіі