Актывіста і блогера Мікалая Дзядка выклікаюць 10 красавіка для дачы тлумачэнняў у РУУС Маскоўскага раёна г. Мінска. Раней, 26 сакавіка, Дзядок падаў заяву на імя суддзі Таццяны Мотыль аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 24.4 КаАП (заведама ілжывыя тлумачэнні альбо заява) Юліі Бушляковай, якая сведчыла супраць яго на судзе. Нагадаем, 20 сакавіка адбыўся суд, дзе Мікалая Дзядка абвінавачвалі ў нанясенні надпісу пра міліцыянтаў на сцяне інтэрната №1 "МАПІД". За дзень да гэтага, 19 сакавіка, актывіста затрымалі і паведамілі, што на яго складзены пратакол па арт. 17.1 КаАП - "Дробнае хуліганства".

Мікола Дзядок. Фота: ПЦ
Мікалай Дзядок. Фота: ПЦ "Вясна"

На судзе Юлія Бушлякова сведчыла, што другога лютага бачыла менавіта Дзядка адразу пасля нанясення надпісу. Але высветлілася, што ў гэты час Дзядок знаходзіўся ў Польшчы.

“Гэта яўная несправядлівасць, мяне затрымалі за тое, чаго я не рабіў,  – растлумачыў  "Вясне" сваю пазіцыю Мікалай Дзядок. – Суткі пратрымалі ў ІЧУ і ў апошнім дакуменце, які я атрымаў з  Маскоўскага РУУС, напісана, што ў мяне па адміністрацыйнай справе спыняецца вытворчасць па ч. 1 арт. 9.6 ПВКаАП – адсутнасць адміністрацыйнага правапарушэння. Але калі не было адміністрацыйнага правапарушэння, то будзьце добры прыцягнуць таго, хто даваў на мяне ілжывыя сведчанні!”

Крыніца: Мікалай Дзядок спрабуе прыцягнуць да адказнасці ілжэсведку