Студэнтку 4-га курсу Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта Лізавету Пракопчык адлічылі за ненаведванне заняткаў (яна прытрымлівалася двухтыднёвага карантыну). Адміністрацыя ўніверсітэта не лічыць гэта адлічэнне палітычна матываваным, аднак сама Студэнтка з гэтым не згодная. Лізавета Пракопчык з'яўляецца членам Савета ЗБС (Заадзіночання Беларускіх студэнтаў). Яна была сярод удзельнікаў студэнцкага страйку ля сцен універсітэта: з 20 па 23 сакавіка студэнты раздавалі медыцынскія маскі з надпісамі «Ха-ха, я тут памру!", выказваючы такім чынам сваё стаўленне да каранціну.

Лізавета Пракопчык. Фота з сацыяльных сетак
Лізавета Пракопчык. Фота з сацыяльных сетак

Таксама Лізавета адзначыла, што адчувала да сябе павышаную ўвагу з боку адміністрацыі ўніверсітэта яшчэ з 2017 года, падчас акцый «недармаедаў», калі яна сутыкнулася з затрыманнямі.

"За мной больш пільна сочаць, чым за іншымі студэнтамі. У майго аднагрупніка, удзельніка БРСМ, ёсць 7 папярэджанняў за тое, што ён прагульвае заняткі. Але ніводнай вымовы. А мне адразу заўсёды давалі вымову",— распавяла студэнтка.

Студэнтка раней мела дзве вымовы, і цяпер, пасля атрымання з-за ненаведвання заняткаў трэцяй,  яе адлічылі.

Сітуацыю пракаментаваў юрыст ПЦ "Вясна" Аляксей Лойка:

Аляксей Лойка

"У адпаведнасці з абз.128 Кодэкса аб адукацыі адлічэнне як мера дысцыплінарнай адказнасці можа быць прыменена за сістэматычнае (паўторнае на працягу навучальнага года) невыкананне або неналежнае выкананне абавязкаў навучэнцам, калі да яго раней ўжываліся меры дысцыплінарнага спагнання. Згодна з п.132 Кодэкса аб адукацыі за кожны дысцыплінарны праступак можа быць прыменена мера дысцыплінарнага спагнання. Такім чынам, у дадзенай сітуацыі неабходна наяўнасць двух юрыдычных фактаў: студэнт павінен сістэматычна не выконваць абавязкі навучэнца і да студэнта раней павінна была прымяняцца мера дысцыплінарнага спагнання".

Аляксей Лойка адзначае, што ў выпадку трэцяга спагнання (вымовы) у студэнткі адсутнічае факт неналежнага выканання абавязкаў, бо ненаведванне заняткаў дзяўчынай было прадыктавана наяўнасцю важкай прычыны, звязанай з клопатам пра сваё здароўе.

"Хачу звярнуць увагу, што ў адпаведнасці з арт. 126 (п.1.1.) Кодэкса аб адукацыі падставай для прыцягнення навучэнца да дысцыплінарнай адказнасці з'яўляецца няяўка на навучальныя заняткі толькі без важкіх прычын. Гэта значыць, што сама па сабе няяўка не з'яўляецца неналежным выкананнем абавязкаў навучэнца і не можа разглядацца як падстава для прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці, калі ёсць паважлівыя прычыны пропуску заняткаў".

Юрыст падкрэслівае, што пры выбары меры дысцыплінарнага спагнання павінны ўлічвацца прычыны дысцыплінарнага праступку. Але адміністрацыя ўніверсітэта не зрабіла дбайнай ацэнкі прычын, з-за якіх Лізавета Пракопчык адсутнічала на занятках, а ўжыла да яе самую строгую меру дысцыплінарнага спагнання ў выглядзе адлічэння.

"Сусветная арганізацыя аховы здароўя абвясціла ў сувязі з распаўсюджваннем каронавіруснай інфекцыі пандэмію, заклікаўшы ўсе дзяржавы праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы па недапушчэнні яе распаўсюджвання. Пры гэтым Беларусь не прадпрымае актыўных дзеянняў па недапушчэнні распаўсюджвання Covid-19 у выглядзе закрыцця на каранцін навучальных устаноў. Лізавета Пракопчык ж да гэтага мела шэраг захворванняў (запаленне лёгкіх, бранхіт) і яе дзеянні былі прадыктаваныя клопатам пра здароўе. Таму прычыну пропуску ёю заняткаў варта лічыць важкай. Дадзеных абставінах адміністрацыя універсітэта дбайнай ацэнкі не дала", — адзначыў Аляксей Лойка.

Крыніца: "Яна клапацілася пра сваё здароўе". Студэнтку адлічылі за "прагулы" , але яна была на карантыне