ПЦ «Вясна» распавядаў гісторыю мінчука Ягора. М., якога ў снежні мінулага года затрымалі па падазрэнні ў крадзяжы залатога ланцужка былога генерала, а цяпер кіраўніка «Агат — сістэмы кіравання» Генадзя Казакова.

Больш за 13 гадзін Ягор М. правёў у аддзяленні міліцыі, дзе быў дапытаны і дагледжаны оперупаўнаважаным Я. Літвіненкам.

Пасля вызвалення мінчук з дапамогай юрыстаў "Вясны" абскардзіў у суд незаконнае затрыманне, якое нават паводле абранай міліцыянтам падставы не адпавядала крымінальна-працэсуальнаму кодэксу. Бо ў дзень крадзяжу ні сам пацярпелы, ні наведвальнікі Палаца воднага спорту прама не паказвалі на Ягора М. як на асобу, якая мае непасрэднае дачыненне да крадзяжу залатога ланцужку.

Згодна з ч. 3 арт. 143 КПК, затрыманне абскарджваецца ў суд праз орган, што вядзе крымінальны працэс, які цягам 24 гадзін з моманту паступлення такой скаргі павінен перанакіраваць яе з матэрыялам, што пацвярджае законнасць і абгрунтаванасць затрымання, у суд.

Права на зварот у суд са скаргай для правядзення праверкі законнасці затрымання з'яўляецца канстытуцыйна-прававой гарантыяй (ч. 2 арт. 25 Канстытуцыі) і не ўтрымлівае якіх-небудзь агаворак або адступленняў, якія дазваляюць права на судовую праверку законнасці затрымання абмежаваць.

Як адбываецца на практыцы?

Напярэдадні Новага года суд Першамайскага раёна Минска 27 снежня паведаміў мінчуку, што падстаў для прыняцця працэсуальнага рашэння па скарзе ў суда не маецца, паколькі орган, вядучы крымінальны працэс, не прыклаў да скаргі матэрыял, які пацвярджае законнасць і абгрунтаванасць затрымання. Суддзю не збянтэжыла, што міліцыя накіроўвае ў суд скаргу на затрыманне не на працягу 24 гадзін, а на пятыя суткі пасля атрымання скаргі.

Пры гэтым намеснік старшыні суда Першамайскага раёна Мінска А. Сяргей, які даваў адказ Ягору М., не стаў кіравацца пастановай Пленума Вярхоўнага суда «Аб забеспячэнні права на судовую абарону і культуры судовай дзейнасці», дзе ўказваецца: суд "пры выяўленні прычын і ўмоў, якія садзейнічалі парушэнню законнасці службовымі асобамі альбо істотных парушэнняў у дзейнасці арганізацый" абавязаны не пакідаць гэтыя факты без увагі і "рэагаваць на іх вынясеннем прыватных вызначэнняў" (п. 22).

Пасля атрымання фармальнага адказу Ягор М. паўторна звярнуўся ў суд. На гэты раз мужчына падаў скаргу праз Першамайскі аддзел Следчага камітэта, які займаецца расследаваннем абставінаў знікнення залатога ланцужка высокапастаўленага чыноўніка.

У чарговай скарзе Ягор М. выклаў свае довады, чаму затрыманне ў межах расследавання крымінальнай справы аб крадзяжы закранае шырокае кола правоў чалавека. Так, затрыманне амаль на суткі выбіла яго з нармальнага цыклу жыццядзейнасці: будучы затрыманым у нядзелю, Ягор М. не змог у панядзелак пачаць працоўны тыдзень паўнавартасным чынам, як гэта было запланавана ім напярэдадні. Таксама сваімі дзеяннямі міліцыя істотным чынам закранула права на свабоду і асабістую недатыкальнасць, права на свабоду перамяшчэння і права на павагу асабістай годнасці, паколькі малады чалавек першапачаткова не быў датычны да крадзяжу залатога ланцужка.

Першамайскі аддзел Следчага камітэта па Мінску ў адказ на скаргу паведаміў Ягору М.:

"Скаргі на затрыманне падаюцца ў суд асобамі, якія ўтрымліваюцца пад вартай – падстаў для накіравання звароту ў суд не маецца".

СК вузка трактуе пералік асобаў, якія маюць права на судовую праверку законнасці затрымання

Ягор М. на працягу ўжо двух месяцаў не можа дамагчыся судовай праверкі законнасці яго затрымання ў Палацы воднага спорту ў Мінску па падазрэнні ў крадзяжы залатога ланцужка.

Па логіцы Першамайскага аддзялення Следчага камітэта, звярнуцца са скаргай на затрыманне ў суд можа толькі той, хто яшчэ знаходзіцца ў зняволенні. Пры такіх умовах абскарджанне магчыма зрабіць толькі пры дапамозе адваката. Але калі просьбы затрыманага аб выкліку абаронцы, як гэта было ў сітуацыі Ягора, ігнаруюцца? Хоць у Канстытуцыі і замацавана, што "супрацьдзеянне аказанню прававой дапамогі забараняецца" (арт. 62), а права на адваката ў чалавека ўзнікае з моманту затрымання.

Ягор М. пры садзейнічанні ПЦ "Вясна" абскардзіў ва Упраўленне Следчага камітэта па Мінску нежаданне ніжэйстаячай арганізацыі прызнаваць яго асобай, якая мае права на судовую праверку законнасці затрымання.

Намеснік начальніка УСК па Мінску В. Н. Бялкоўскі пацвердзіў у адказе правамернасць прадстаўленых адказаў сваіх падначаленых, праігнараваўшы довады скаргі Ягора М.

Які наступны крок?

Мінчук быў вымушаны накіраваць скаргу начальніка УСК па Мінску Сяргею Паско. У ёй Ягор М. падкрэслівае, што ўжо больш за тры месяцы не можа дамагчыся судовай праверкі законнасці яго затрымання. Малады чалавек указвае, што прадастаўленыя раней адказы, у прыватнасці намесніка УСК па Мінску В. М. Бялкоўскага, не ўтрымліваюць ацэнкі довадаў яго папярэдняй скаргі.

Ягор М. прыходзіць да высновы, што, зыходзячы з канстытуцыйна-прававой гарантыі судовай праверкі законнасці затрымання (ч. 2 арт. 25 Канстытуцыі), яго пазіцыя з патрабаваннем, каб суд праверыў наколькі яго затрыманне было законным і абгрунтаваным, з'яўляецца цалкам правамернай.

Юрыст ПЦ "Вясна" Аляксей Лойка выказвае здзіўленне ў сувязі з тым, што судовая праверка законнасці затрымання аказваецца недаступнай на практыцы для асобы, якая падвяргалася затрыманню. У сувязі з гэтым ён нагадвае, што як канстытуцыйна-прававая гарантыя судовай праверкі законнасці затрымання, так і права на зварот у суд не падлягаюць ніякім абмежаванням у дадзеным выпадку. У сувязі з гэтым, дзеянні праваахоўных органаў, якія ствараюць перашкоды ў рэалізацыі права на судовую праверку законнасці затрымання, з'яўляюцца абсалютна незаконнымі.

Крыніца: Ці лёгка абскардзіць незаконнае затрыманне ў суд?