Мінскі гарадскі суд адправіў справу аб адміністрацыйным правапарушэнні Ягора Кацуры за ўдзел у пікетаванні падчас парламенцкіх выбараў на новы разгляд.

За што быў аштрафаваны актывіст?

Суд Першамайскага раёна г. Мінска 2 снежня 2019 года разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да Ягора Кацуры і прызнаў яго вінаватым у тым, што ён 16 лістапада на працягу 10 хвілін прымаў удзел у несанкцыянаваным пікеце каля будынку Цэнтральнай выбарчай камісіі - у групе з іншымі грамадзянамі дэманстраваў расцяжку з тэкстам "А кароль-та голы!"

Суддзя Аляксандр Сяргей прызначыў для Ягора Кацуры пакаранне ў выглядзе штрафу ў 20 базавых велічынь (510 рублёў).

Сам Ягор Кацур пра тое, што яго аштрафавалі даведаўся толькі 19 лютага 2020 года, калі яму на тэлефон прыйшло паведамленне аб тым, што ў дачыненні да яго распачатая выканаўчая вытворчасць па спагнанні сумы штрафу. Пры гэтым судовая пастанова была накіраваная актывісту па адрасе, дзе ён не пражывае.

Пры дапамозе юрыстаў "Вясны" Ягор Коцур падрыхтаваў скаргу ў Мінскі гарадскі суд, у якой указаў:

"Паколькі позвы я не атрымліваў, віны ў інкрымінаваным мне адміністрацыйным правапарушэнні не прызнаю, пісьмовага хадайніцтва аб разглядзе справы ў маю адсутнасць не падаваў, не ўхіляўся ад яўкі ў суд і па аб'ектыўных прычынах не мог апавясціць орган, які вядзе адміністрацыйны працэс, аб наяўнасці перашкодаў да яўкі на разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, пастановай суда Першамайскага раёна г. Мінска ад 2 снежня 2019 г., вынесенай без майго ўдзелу ў разглядзе справы, парушана маё права на ўдзел у разглядзе справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, гарантаванае мне п. 10 ч. 1 арт. 4.1 ПВКаАП"

Парушэнне гэтага права пацягнула за сабой парушэнне і іншых правоў мужчыны, замацаваных у ПВКаАП:

  • даваць тлумачэнні альбо адмовіцца ад дачы тлумачэнняў;
  • прадстаўляць доказы;
  • заяўляць адводы і хадайніцтвы;
  • абараняць сябе самастойна ці з дапамогай абаронцы;
  • пярэчыць супраць дзеянняў суддзі і патрабаваць унясення сваіх пярэчанняў у пратакол працэсуальнага дзеяння;
  • падаваць скаргі на дзеянні службовай асобы, якая вядзе адміністрацыйны працэс.

Ягор Кацур прасіў Минскі гарадскі суд разгледзець факты і довады, выкладзеныя ў скарзе, правесці іх праверку, прызнаць скаргу абгрунтаванай і задаволіць яе ў поўным аб'ёме, а пастанову суда Першамайскага раёна адмяніць і накіраваць справу на новы разгляд іншаму суддзі. Таксама накіраваць у адрас судовага выканаўцы аддзела прымусовага выканання дакумент аб прыпыненні спагнання сумы штрафу ў памеры 20 базавых велічынь.

Што вырашыў Мінскі гарадскі суд?

27 сакавіка суддзя Мінскага гарадскога суда Максім Лапко разгледзеў скаргу Ягора Кацуры і ўстанавіў, што адміністрацыйная справа ў дачыненні да мужчыны сапраўды была разгледжаная без ягонага ўдзелу – звесткі аб атрыманні ім копіі пастановы ў матэрыялах справы адсутнічаюць.

Суд устанавіў, што патрабаванні закона ў частцы абавязковага удзелу фізічнай асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, а таксама абавязак па ўсебаковаму, поўнаму і аб'ектыўнаму даследаванню абставінаў адміністрацыйнага правапарушэння раённым судом у поўнай меры выкананыя не былі, абставіны справы былі даследаваныя няпоўна.

"У пастанове ўказана, што Кацур Я. у судовае паседжанне не з'явіўся, апавешчаны належна. З наяўных у справе звестак угледжваецца, што аб неабходнасці яўкі ў судовае пасяджэнне Кацуру Я. накіраваная позва па адрасе: г.Мінск, вул. Платонава, 33-2. У сваёй скарзе Кацур Я. указаў, што па дадзеным адрасе не зарэгістраваны і не пражывае, што пацвярджаецца прыкладзенымі да скаргі копіямі старонак пашпарта", – адзначаецца ў рашэнні Мінгарсуда.

Суддзя Максім Лапко прыйшоў да высновы, што раённы суд, разгледзеўшы адміністратыўную справу ў адсутнасць абвінавачанага, пазбавіў Ягора Коцуру магчымасці даць тлумачэнні па сутнасці правапарушэння, за якое ён прыцягваўся да адказнасці. Таксама Ягор Коцура не быў апытаны пры складанні пратаколу.

"Пры такіх абставінах, ад высвятлення сапраўдных падзей здарэння залежала прававая ацэнка дзеянняў Кацуры Я., што ў парушэнне артыкулаў 2.10 і 11.6 ПВКаАП пацягнула аднабаковасць і няпоўнасць іх даследавання, чым таксама былі парушаныя яго правы ў адміністрацыйным працэсе", – лічыць Мінскі гарадскі суд.

У пастанове таксама падкрэсліваецца, што ануляваць дапушчаныя прабелы магчыма толькі пры новым судовым разглядзе справы, у ходзе якога суду варта ўлічваць выкладзенае, прыняць меры па ўсебаковаму, поўнаму і аб'ектыўнаму даследаванню і ацэнцы абставінаў справы ў сукупнасці з усімі доказамі па ёй, і, у залежнасці ад устаноўленага, прыняць рашэнне ў адпаведнасці з законам.

На падставе гэтага Мінгарсуд вырашыў пастанову суда Першамайскага раёна ў дачыненні да Ягора Кацуры адмяніць, а справу накіраваць на новы разгляд у той жа суд іншаму суддзі.

Юрыст Праваабарончага цэнтра «Вясна» Аляксей Лойка лічыць, што на органе, што вядзе адміністрацыйны працэс, ляжыць не толькі абавязак высветліць асобу ўдзельніка мірнага сходу, але і прыняць меры да ўстанаўлення яго адрасу месца жыхарства:

lojka_l_mini.png

"Гэта мае важнае прававое значэнне, паколькі дзеяннямі органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, закранаецца вельмі шырокае кола правоў чалавека, і проста так вось браць і выстаўляць рахунак за ўдзел у сходзе нельга – неабходна захаванне строга рэгламентаванай працэдуры.

У мяне выклікае здзіўленне як у "IT-краіне" звесткі ў базе зарэгістраваных грамадзянаў не абнаўляюцца цягам сямі гадоў, пры чым такія выпадкі з'яўляюцца нярэдкімі ў нашай практыцы".

Крыніца: Мінгарсуд стаў на бок актывіста, якога аштрафавалі без яго ўдзелу