Юрыст ПЦ "Вясна" Аляксей Лойка Праваабаронца Аляксей Лойка быў збіты супрацоўнікамі АМАП пры налёце на офіс ПЦ "Вясна" 25 сакавіка 2017 года.

Ён неаднаразова звяртаўся ў пракуратуру г. Мінска, у тым ліку на пачатку сакавіка 2020 года са скаргай на адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, а таксама на бяздзейнасць пракуратуры Першамайскага раёна г. Мінска.

"А воз і дагэтуль там": тры гады праваабаронца спрабуе прыцягнуць да адказнасці АМАПаўцаў

На працягу практычна трох гадоў праваабаронца спрабуе дамагчыся справядлівасці і пакараць вінаватых супрацоўнікаў АМАП за неправамернае яго збіццё пры налёце на офіс «Вясны» 25 сакавіка 2017 года.

Пракуратура горада зноў перанакіравала скаргу Аляксея Лойкі ў пракуратуру Першамайскага раёна. У паведамленні начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства упраўленнем СК па г. Мінску Дзмітрый Лук'янаў указаў, што ў пракуратуры Мінска разглядаюцца скаргі на дзеянні і рашэнні пракурораў раёнаў сталіцы, прынятыя па папярэдніх зваротах у іх адрас.

"З улікам выкладзенага, скарга будзе разгледжаная па сутнасці ў пракуратуры горада Мінска пасля таго, як аналагічная скарга будзе адхіленая пракурорам раёна", - падчарнуў Дзмітрый Лук'янаў.

У сваю чаргу пракуратура Першамайскага раёна ў адказ на скаргу праваабаронцы ўстанавіла, што ў раённы аддзел Следчага камітэта з Першамайскага РУУС паступілі матэрыялы праверкі па заяве Аляксея Лойкі па факце здзяйснення ў дачыненні да яго супрацьпраўных дзеянняў супрацоўнікамі АМАП. Па выніках праверкі следчым І. Макаўчык 12 красавіка 2018 года прынятае рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях супрацоўнікаў АМАП складу злачынства.

Пры гэтым вывучэнне паказала, што падчас праведзенай РАСК праверкі не было здабыта доказаў, якія сведчаць аб здзяйсненні ў дачыненні да праваабаронцы "Вясны" супрацьпраўных дзеянняў з боку супрацоўнікаў АМАП.

"Рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы з'яўляецца законным і абгрунтаваным, падстаў для яго адмены няма. Пры такіх абставінах скарга пакінутая без задавальнення", - указаў у адказе пракурор Першамайскага раёна г. Мінска Віктар Праневіч.

Аляксей Лойка з такім рашэннем пракуратуры не згодны. Ён плануе зноў звярнуцца ў пракуратуру горада, каб там разгледзелі яго скаргу па сутнасці.

Крыніца: "Пракурорскі футбол": скаргу праваабаронцы перанакіравалі і пакінулі без задавальнення