Як паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партала pravo.by, падрыхтаваны пераклад Грамадзянскага кодэкса на беларускую мову. Гэты дакумент з'яўляецца адным з найбольш аб'ёмных заканадаўчых актаў Беларусі і ўтрымлівае 1153 артыкулы, аб'яднаныя ў 8 частак. 

Усяго з пачатку працы Экспертны савет па пытаннях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову былі перакладзены на беларускую мову тры заканадаўчых акта — Кодэкс аб шлюбе і сям'і, Выбарчы кодэкс і Грамадзянскі кодэкс. З іх тэкстамі можна азнаёміцца на партале Pravo.by. Паведамляецца, што таксама плануецца да перакладу Працоўны кодэкс, Кодэкс аб зямлі і Жыллёвы кодэкс.

Беларускія праваабаронцы даўно заяўлялі пра дыскрымінацыйныя падыходы пры стварэнні нарматыўных прававых актаў. Праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч неаднаразова заяўляў, што дзяржаўныя інстытуцыі і чыноўнікі цалкам ігнаруюць праблему дыскрымінацыі беларускай мовы. А ў некаторых выпадках нават няслушна інтэрпрэтуюць заканадаўчыя нормы.

З гэтай нагоды яшчэ ў снежні 2013 года Валянцін Стэфановіч звяртаўся у Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь па пытанні адсутнасці заканадаўча замацаванага абавязку выдаваць нарматыўныя прававыя акты на дзвюх дзяржаўных мовах, а таксама да суб’ектаў, якія маюць права ініцыяваць такі зварот у суд: Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі, Вярхоўны суд, Вышэйшы гаспадарчы суд і ў Адміністрацыю прэзідэнта. Аднак тады ні адзін орган улады не палічыў, што выданне законаў толькі на рускай мове з’яўляецца дыскрымінацыяй і парушэннем заканадаўства.

Экспертны савет па пытаннях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову пры Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі быў створаны ў ліпені 2019 года. Пераклад законаў прадугледжаны даручэннем Прэзідэнта Беларусі, дадзенага 1 сакавіка 2019 г. у ходзе "Вялікай размовы з Прэзідэнтам".

Крыніца: Грамадзянскі кодэкс пераклалі на беларускую мову. У чарзе — яшчэ тры кодэксы