Матэрыялы праверак па справе Алега Багданава. Пасля таго, як напачатку лютага Генпракуратура адмяніла рашэнне УСК па Мінскай вобласці аб прыпыненні раследвання па крымінальнай справе па факце смерці ў жодзінскай турме №8 жыхара Мінска Алега Багданава, аднавіліся следчыя дзеянні. Створаная новая следчая група ў складзе чатырох чалавек.

Больш за чатыры гады таму, 29 студзеня 2016 года Алег Багданаў памёр у жодзінскай турме №8 ад вострай сардэчнай недастатковасці. Увесь гэты час ягоная маці Марыя Георгіеўна намагаецца, каб вінаватыя ў смерці сына панеслі пакаранне за неналежнае выкананне сваіх абавязкаў. Справу Алега Багданава неаднаразова ўзбуджалі і спынялі ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства.

25 сакавіка маці загінулага Алега запрасіў следчы УСК па Мінскай вобласці палкоўнік Бордак. Ён паведаміў Марыі Георгіеўне, што ў рамках чарговай праверкі прызначаная почырказнаўчая экспертыза, паколькі, маўляў, у следчых з’явіліся сумневы ў сапраўднасці почырку Багданава ў лістах, якія ён дасылаў маці з Жодзіна.

“Я перадала следчым 7 лістоў сына і тыя лісты, якія яму дасылала сама. Але я вельмі абураная такім рашэннем, – распавядае маці. – Яны што, думаюць, што нехта падрабляў лісты Алега, тыя лісты дзе ён піша пра перадачу яму неабходных лекаў? Дык там на кожнай старонцы пячатка цэнзара стаіць!”.

Марыю Багданаву насцярожыла таксама разыходжанне дадзеных па колькасці медыцынскіх перадач. Следчыя сцвярджаюць, што лекі Алегу перадаваліся ў СІЗА №1 у Мінску і турму №8 Жодзіна 7 разоў, па падліках маці – 14.

І гэта лёгка праверыць па яе лістах да сына, бо ў кожным выпадку маці інфармавала яго аб чарговай перадачы лекаў.

Трэба нагадаць, што Алег Багданаў у 2014 годзе перанёс цяжкую аперацыю на сэрцы, быў інвалідам 3-ці групы і меў патрэбу ў пастаяннай кваліфікаванай медыцынскай дапамозе, назіранні лекара-кардыёлага.

"Чаму яны не давяраюць маім доказам, а абапіраюцца на дадзеныя ранейшых следчых праверак? – задаецца пытаннем Марыя Багданава, – такое ўражанне, што следчыя дзеянні ізноў накіраваныя не на ўсталяванне ісціны”.

Яна звяртае ўвагу і на тую акалічнасць, што ў матэрыялах праверкі не супадае таксама і колькасць харчовых перадач, маюцца іншыя нестыкоўкі фактаў і акалічнасцяў.

Марыя Багданава прадчувае, што следчыя у чарговы раз могуць спыніць ўжо сёмае па ліку расследванне. Аднак, каб аднавіць справядлівасць, маці намераная змагацца да канца.

Марыя Багданава – следчым: Вы мяне не зломіце, буду змагацца да канца

Жыхар Мінска Алег Багданаў памёр у ВУ «Турма №8» г. Жодзіна 29 студзеня 2016 г. ад вострай сардэчнай недастатковасці. Маці лічыць, што сыну ў СІЗА не аказалі належнай медыцынскай дапамогі.

Крыніца: Справа Багданава: следчыя ставяць пад сумненні аўтарства лістоў памёрлага