Людміла Кучура. Фота: ПЦ "Вясна" 19 сакавіка суд Партызанскага раёна г. Мінска разгледзеў скаргу Людмілы Кучуры на неправамерныя дзеянні Следчага камітэта, які без належнай увагі перанакіраваў заяву аб здзяйсненні ў дачыненні да асуджанага Пятра Кучуры злачынства ў Дэпартамент выканання пакаранняў.

Працэс вяла суддзя Таццяна Алейнікава, прадстаўніком ад Следчага камітэта выступаў часова выконваючы абавязкі начальніка аддзела па працы са зваротамі грамадзянаў Н. Жаўронак.

У сваёй скарзе ў суд Людміла Кучура ўказвала, што 19 студзеня яна звярнулася ў Следчы камітэт з заявай, дзе адзначала, як падчас паседжання па разглядзе пытання аб пераводзе Пятра Кучуры на турэмны рэжым, ён у матэрыялах сваёй справы знайшоў лязо. Пасля таго, як асуджага вывелі ў калідор, ён парэзаў сабе перадплечча левай рукі, у сувязі з чым да мужчыны была прымененая фізічная сіла і зроблены ўкол супраць яго волі.

“Абставіны і наступствы ўвядзення ін’екцыі майму мужу даюць падставы ўгледжваць у дзеяннях супрацоўнікаў папраўчай калоніі склад крымінальнага злачынства”, - падкрэслівала жонка асуджанага і настойвала на тым, што рашэнне павінна прымацца ў межах  артыкулаў 172-174 Крымінальна-выканаўчага кодэкса.

Праз пэўны час жанчына атрымала адказ на сваю заяву за подпісам Н. Жаўронка, дзе было ўказана пра перанакіраванне яе скаргі для разгляду ў Дэпартамент выканання пакаранняў.

"Кінулі на падлогу, не здымаючы штаноў, зрабілі ўкол"... Што яшчэ чакае Пятра Кучуру ў зняволенні?

У лютым Людміла Кучура падала шэраг скаргаў у барацьбе за правы свайго асуджанага мужа ў папраўчай калоніі №15 і турме №4 г. Магілёва.

Людміла Кучура даводзіла суду, што так як яе заява ўтрымлівала сведчанні аб магчымых злачынствах, то праверка па ёй як раз павінна была праводзіцца сіламі следчых шляхам правядзення прадугледжаных КПК следчых дзеянняў: агляду медыцынскай карткі яе мужа, апытання мужа і супрацоўнікаў ПК, праверкі наяўнасці або адсутнасці ў калоніі лекавых сродкаў, якія маглі быць незаконна ўведзеныя Пятру Кучуру, выпатрабавання і вывучэння службовых інструкцый супрацоўнікаў папраўчай установы.

Але заява жанчыны была перанакіраваная ў ДВП, які не мае паўнамоцтваў па правядзенню працэсуальных дзеянняў, неабходных для высвятлення абставінаў супрацьпраўных дзеянняў.

Жонка асуджанага прасіла суд прызнаць неправамернымі дзеянні Следчага камітэта па накіраванню яе заявы ў ДВП, абавязаць СК разглядзець яе заяву аб здзяйсненным злачынстве ў адносінах да яе мужа.

Прадстаўнік Следчага камітэта Н. Жаўронак у судзе заявіў, што скаргу Людмілы Кучуры лічыць неабгрунтаванай і не падлягаючай задавальненню.

Заслухаўшы зацікаўленых асобаў, вывучыўшы пісьмовыя матэрыялы справы, суд прыйшоў да высновы, што скарга Людмілы Кучуры не абгрунтаваная і не падлягае задавальненню ў адпаведнасці з патрабаваннямі артыкалаў 17 ("Тэрміны пры разглядзе зваротаў") і 20 ("Абскарджанне адказаў на звароты") Закона “Аб звароце грамадзянаў і юрыдычных асобаў”, Інструкцыі аб парадку арганізацыі працы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў у Следчым камітэце.

На падставе гэтага суд адмовіў у задавальненні патрабаванняў Людмілы Кучуры. На падачу апеляцыйнай скаргі ў Мінскі гарадскі суд у жонкі асуджанага ёсць 15 дзён.

Блізкія асуджаных просяць дэпутатаў ініцыяваць выключэнне 411 артыкулы з КК

Жонка асуджанага Людміла Кучура і прадстаўніца "Руху маці" Таццяна Славіна пабывалі на асабістым прыёме ў старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Алега Белаконева.

Крыніца: Суд не ўбачыў парушэнняў у неналежным разглядзе Следчым камітэтам заявы Людмілы Кучуры