Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка ў новым выпуску блога «Слова аб праве» у «БелГазеце» аналізуе працоўную дыскрымінацыю людзей за кратамі. Праца і сацыяльная абарона зняволеных – вельмі цяжкая тэма, дзе няма адзіных меркаванняў, падыходаў і ацэнак нават у шэрагах самых прасунутых даследчыкаў. Ёсць і добрая, і памылковая практыка, ёсць больш-менш прагрэсіўныя, нечаканыя гісторыі з розных краінаў. Ацаніць гэта можна толькі на аснове ўсебаковага вывучэння пенітэнцыярнай карціны, і часта гэтыя ацэнкі расчароўваюць.

На здзіўленне, прасцей за ўсё ацэньваць стан працоўных і сацыяльных правоў зняволеных з пазіцыі захавання правоў чалавека, паколькі ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах дыскрымінацыя забароненая:

«Усе людзі роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону закону. У гэтых адносінах усякага роду дыскрымінацыя павінна быць забароненая законам, і закон павінен гарантаваць усім асобам роўную і эфектыўную абарону супраць дыскрымінацыі па якой бы там ні было прыкмеце, як-та расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных ці іншых перакананняў, нацыянальнага або сацыяльнага паходжання, маёмаснага становішча, нараджэння ці іншых абставінаў».

Шматслоўна сфармулявана, але сэнс просты: дыскрымінацыі не павінна быць. Складаней з пытаннем «Што такое дыскрымінацыя?» Мне ў гэтым выпадку падаецца прыдатным такое: дыскрымінацыя – гэта пазбаўленне чалавека пэўных правоў у сувязі з наяўнасцю нейкай прыкметы на аснове нелагічных і нерацыянальных рашэнняў.

trud_osuzhdennyh.jpg

Вось прыклад: дзіцяці па законе нельга працаваць поўны працоўны дзень. Гэта дыскрымінацыя? Не, гэта рашэнне лагічнае і рацыянальнае: дзіця не здольнае і не павінна працаваць нароўні з дарослым.

А вось прыклад параўнання пенітэнцыярнай працы і працоўных адносінаў вольнага чалавека: человек на волі адпрацаваў на вытворчасці месяц, не выканаў норму – яму даплацілі да мінімальнай зарплаты, заплацілі за яго ўнёсак у ФСАН ад мінімальнай зарплаты; ён год адпрацаваў так – год атрымаў у пенсійны стаж. На вытворчасці ў ПК: зняволены адпрацаваў месяц, выканаў 0,3 нормы – атрымаў без даплатаў зарплату, хутчэй за ўсё – ніжэй мінімальнай, у ФСАН за яго заплацяць узнос ад фактычнай зарплаты, у стаж за год – некалькі месяцаў, у адпаведнасці з суадносінамі яго заробку і «мінімалкі». Якая розніца, зыходзячы з працоўнай функцыі? І там, і там – чалавек прыходзіць на працу, працуе, вырабляе прадукт. І пры гэтым усё законна: у сэнсе, што так устанавіў для аднаго Працоўны кодэкс і закон аб сацыяльным забеспячэнні, а для іншага – Крымінальна-выканаўчы кодэкс.

Яшчэ прыклад: работнік на вытворчасці ў ПК, адпрацаваўшы 11 месяцаў у каляндарным годзе, атрымлівае працоўны адпачынак працягласцю 12 дзён. Яго вольны калега праз шэсць месяцаў працы атрымлівае адпачынак удвая большы – 24 дня. Таксама – на падставе адпаведна Працоўнага і Крымінальна-выканаўчанага кодэксаў. Але ж па Працоўным кодэксе мэта прадастаўлення адпачынку – «для адпачынку і аднаўлення працаздольнасці, ўмацавання здароўя і іншых асабістых патрэбаў работніка». Так гэта справядліва як для вязьня, так і для вольнага чалавека! Розніца павінна быць толькі ў адным: адзін правядзе адпачынак дзе хоча, а другі – дзе дазволяць.

Дык вось, усе гэтыя нерацыянальныя адрозненні і ёсць дыскрымінацыя. Тая ж гісторыя з жанчынамі, якія сталі маці ў калоніях. Артыкул 99 Крымінальна-выканаўчага кодэкса ўмовы працы асуджаных да пазбаўлення волі вызначае так: працягласць працоўнага часу асуджаных да пазбаўлення волі, патрабаванні па ахове працы ўстанаўліваюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб працы і аб ахове працы. А вось пытанні прадастаўлення адпачынку рэгулююцца КВК. Таму вязьні пралятаюць міма адпаведнага ўсім мамам на волі сацыяльнага адпачынку па дагляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў у парадку арт. 185 Працоўнага кодэкса. Але ж маці гэты адпачынак прадастаўляецца не проста так, а «у мэтах стварэння спрыяльных умоў для мацярынства, дагляду за дзецьмі, адукацыі, задавальнення сямейна-бытавых патрэбаў і для іншых сацыяльных мэтаў». Чым мацярынства на волі адрозніваецца аб мацярынства ў калоніі? Нічым, а значыць, нічым не павінны адрознівацца і правы ў гэтым выпадку. Розніца, як і раней заўважалася, павінна быць у адным: мамы на волі сваіх дзяцей могуць выхоўваць дзе заўгодна, а ў калоніі – у межах установы. Так што існуючы парадак – гэта дыскрымінацыя зняволеных.

Заканчваючы тэму дыскрымінацыі: нараджэнне дзіцяці для жанчыны-зняволенай, безумоўна, павінна стаць падставай для перагляду прысуду і змякчэння пакарання.

Крыніца: Блог Паўла Сапелкі: Розныя, але роўныя