Марына Адамовіч. Фота "Радыё Свабода" Мінскі гарадскі суд адмяніў штраф актывісткі Марыны Адамовіч за ўдзел у акцыі пратэсту супраць паглыбленай інтэграцыі і адправіў яе адміністрацыйную справу на новы разгляд.

Суддзя Мінскага гарадскога суда Яўген Хаткевіч разгледзеў скаргу Марыны Адамовіч на рашэнне суда Ленінскага раёна, які аштрафваў жанчыну на 50 базавых велічынь (1350 рублёў) за ўдзел у акцыі 20 снежня. Адамовіч прасіла адмяніць рашэнне суда, бо з самага пачатку адміністрацыйнага працэсу было дапушчана істотнае парушэнне Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Справа ў тым, што справа супраць Адамовіч вялася па трэцяй частцы артыкула 23.34 КаАП, то бок за здзяйсненне правапарушэння паўторна цягам года. Але папярэдняе спагнанне, прадугледжанае гэтым артыкулам, было накладзена на актывістку 22 лістапада 2018 года - больш чым за год да цяперашняга правапарушэння.

Мінгарсуд пагадзіўся з довадамі актывісткі і накіраваў справу на новы разгляд. Юрыст ПЦ “Вясна” Аляксей Лойка лічыць, што пасля перагляду справы Марына Адамовіч зноў атрымае штраф, але меншы па памеры.   

“Хутчэй за ўсё, з-за “судовага канвеера” суд не заўважыў, што Адамовіч прыцягвалася да адказнасці больш за год таму і, адпаведна, пратакол утрымлівае памылку. Мяркую, што падчас новага разгляду справы ўжо па першай частцы артыкула 23.34 суд паменшыць памер штрафу на 20 базавых велічынь. Але мы і пасля гэтага будзем стаяць на тым, што гэта непрымальна - пераследаваць грамадзян выключна за пратэст, які носіць мірны характар”.

 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Крыніца: Мінгарсуд прызнаў памылку ў адміністрацыйнай справе Марыны Адамовіч