Дзмітрый Паліенка. Вярхоўны суд Беларусі 14 лютага разглядае апеляцыйную скаргу актывіста анархісцкага руху Дзмітрыя Паліенкі на прысуд Мінскага гарадскога суда.

25 кастрычніка 2019 года былога палітвязня звінавацілі ў асабліва злосным хуліганстве і прысудзілі 3 гады "хатняй хіміі" (абмежаванне волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову) з падпіскай аб нявыездзе і прымусовым лячэннем ад алкагалізму. Адзін год абмежавання волі быў адняты згодна з абвешчанай амністыяй, таксама ў тэрмін адбыцця пакарання  быў залічаны час знаходжання ў следчым ізалятары.

Праз некаторы час пракуратура горада Мінска абскардзіла рашэнне Мінскага гарадскога суда ў Вярхоўны суд, але затым гэты пратэст пракурор адклікаў. Дзмітрый Паліенка, у сваю чаргу, таксама абскардзіў рашэнне Мінскага гарадскога суда ў вышэйстаячым судзе, а ў гэтым выпадку ім з’яўляецца Вярхоўны суд.

Нагадаем, першапачаткова Паліенку абвінавачвалі па чатырох крымінальных артыкулах. Але ў першы дзень суда пракурор Аляксандр Кароль адмовіўся ад астатніх абвінавачванняў: арт. 341 КК (нанясенне графіці ў Курапатах і на будынак на вуліцы Ахоцкай), ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці да супрацоўнікаў міліцыі ў размешчаным на youtube відэароліку), арт. 369 (абраза міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча ў відэароліку). Дзмітрыя Паліенку судзілі толькі па ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (асабліва злоснае хуліганства). 

Суд Паліенкі, салідарнасць і першыя абдымкі на волі. Вялікі фотарэпартаж "Вясны"

25 кастрычніка, Мінскі гарадскі суд абвясціў прысуд сацыяльнаму актывісту Дзмітрыю Паліенку: 3 гады "хатняй хіміі" (абмежаванне волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову) з падпіскай аб нявыездзе і прымусовым лячэннем ад алкагалізму. Дзмітрыя вызвалілі наўпрост у залі суда.

Крыніца: Скаргу былога палітвязня Дзмітрыя Паліенкі разглядае Вярхоўны суд