У студзені ўсе кантралюючыя органы далі заключэнні, якія дазваляюць уводзіць завод беленай цэлюлозы ў эксплуатацыю, паведамляе palesse.press. Пра гэта ў адказе адной з актывістак ініцыятыўнай групы, якая змагаецца за спыненне шкодных выкідаў завода, Ганне Сомавай, паведаміў генеральны дырэктар Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната, у склад якога ўваходзіць ЗБЦ, Юрый Крук. Паведамляецца, што цяпер завод працуе на магутнасці больш за 85% ад праектнай і выпускае цэлюлозу, якая адпавядае ДАСТу 1989 года. Таксама Крук даводзіць, што ў студзені атрыманыя ўсе заключэнні зацікаўленых кантралюючых органаў і цяпер рыхтуюцца дакументы для ўводу завода ў эксплуатацыю.
Тым часам, светлагорскія экаактывісты штотыдзень працягваюць пратэставаць супраць ЗБЦ. У мінулую нядзелю, 9 лютага, жыхары Светлагорска сабраліся на цэнтральнай плошчы горада, каб выказаць свой пратэст супраць атрутнага паветра завода беленай цэлюлозы. Падтрымаць мясцовых актывістаў прыязджаў гомельскі блогер, аўтар ютуб-канала "Страна для жизни" Сяргей Ціханоўскі.
- Пратэст на цэнтральнай плошчы Светлагорску. Блогер Ціханоўскі размаўляе з мясцовымі. Фота: Алена Маслюкова
Праваабаронца "Вясны" са Светлагорску Алена Маслюкова адзначае, што выходзіць на плошчу экаактывісты збіраюцца і надалей. Нават, калі ЗБЦ усё ж такі ўвядуць у эксплуатацыю.
"Выходзячы на плошчу, мы не толькі пратэстуем супраць завода і яго шкодных выкідаў. Такім чынам мы выказваем салідарнасць усім людзям, якія змагаюцца за права жыць у спрыяльных умовах і дыхаць чыстым паветрам. Мы не проста стаім, мы сваім прыкладам паказваем, што трэба і можна змагацца, нават пры гэтай сістэме. Распаўсюджваем інфармацыю пра тое, што адбываецца вакол гэтага смярдзючага завода. Зараз пакутвае насельніцтва вёскі Якімава Слабада, бо найчасцей у гэтую пару года факел выкідаў накіраваны туды. Але ж... Хутка прыйдзе вясна, а потым лета і верагоднасць таго, што дыхаць чыстым паветрам ужо не выпадае светлагорцам. Менавіта таму мы не перарыняем наш пратэст, каб людзі не думалі, што мы здаліся. Мы верым у тое, што сітуацыю можна змяніць, а для гэтага трэба дзейнічаць. Як кажа нашая актывістка Ганна, доўгая дарога пачынаецца з першага кроку", — каментуе сітуацыю з пратэстамі Алена Маслюкова.
Крыніца: Светлагорскі ЗБЦ рыхтуецца да ўводу ў эксплуатацыю. Людзі працягваюць пратэставаць