Адкрыццё мастацкай выставы Алеся Марачкіна "Зацьменне" адбудзецца ў сераду 19 лютага ў Мінску. Выстава арганізаваная пры дапамозе Праваабарончага цэнтру “Вясна” і экспануецца ўпершыню на асветніцкай пляцоўцы “Тэрыторыя правоў”.
Новыя працы мастака прысвечаныя грамадска-значным падзеям апошніх гадоў і адлюстроўваюць сацыяльна-палітычную сітуацыю ў Беларусі праз уласны погляд творцы на культуру і дух беларускага народа.
Тэматыка твораў Алеся Марачкіна (Алеся Мары) прысвечаная гістарычным падзеям мінулага і сучаснасці, раскрывае багацце духоўнай культуры беларускага народа. Мастак вядомы як стваральнік партрэтаў многіх гістарычных асоб, серыі партрэтаў «Мае сучаснікі», аўтар цыклу твораў «Народныя легенды і паданні». Сярод вядомых прац Марачкіна – «Маці Божая ахвяр Чарнобыля», «Палеская мадонна», “Плошча” і інш.
Шмат прац мастака сёння захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у музеях і прыватных галерэях Беларусі, Польшчы, Германіі, ЗША.
Дзе і калі?
Асветніцкая пляцоўка “Тэрыторыя правоў”, Мінск, вул. Ложынская 16, памяшканне 404, (ст. метро Уручча).
19 лютага, серада. Пачатак у 18-00.
Запрашаем усіх жадаючых наведаць выставу Алеся Марачкіна і паслухаць мастака.