Наталля Спірыдонава ў судзе. Фота "Віцебскай Вясны" Раней, 27 студзеня, актывістаў “Еўрапейскай Беларусі” Наталлю Спірыдонаву і Алеся Круткіна затрымалі і даставілі ў РАУС Кастрычніцкага раёна Віцебска, дзе абвінавацілі ў расклейцы ўлётак “Калгаснай дыктатуры – баста!”. На актывістаў склалі пратаколы па артыкуле 17.1 КаАП (дробнае хуліганства), каб на наступны дзень іх судзіць. Тады Алесь Круткін быў адпраўлены ў ІЧУ, а Наталлю Спірыдонаву вызвалілі пад падпіску. Але тут жа актывістку павезлі ў іншы, Першамайскі РАУС, дзе на яе быў складзены другі пратакол па артыкуле 21.14 КаАП (Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў). 

Наталля растлумачыла “Вясне”, што прычына гэтага пратакола — ўлётка, налепленая на будынак ГП “Віцебскі ДСК”. Міліцыянты тады ёй сказалі, што справу разгледзіць адміністрацыйная камісія без яе і дашле ёй сваё рашэнне (бо справы па арт 21.14 КаАП суд не разглядае).

На наступны дзень, 28 студзеня, у судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска, як і планавалася, прайшло судовае пасяджэнне над актывістамі. Гэта — за ўлётку, якая была налепленая на будынку Пракуратуры г. Віцебска. На судзе Наталля Спірыдонава вырашыла хадайнічаць аб перакваліфікацыі адміністрацыйнага правапарушэння з арт. 17.1 КаАП на ч. 2 арт. 21.14 КаАП РБ. Таму разгляд справы быў прыпынены, а пратаколы вернутыя ў Кастрычніцкі РАУС на выпраўленне недахопаў. 

Што ў выніку?

Пасля суда Наталлі Спірыдонавай  была ўручана позва з’явіцца 31 студзеня ў Кастрычніцкі РАУС, дзе нарэшце перагледзелі пратакол за ўлётку на будынку Пракуратуры (па якой і быў суд). Там актывістка даведалася, што пратакол перарабілі не па артыкуле 21.14, як яна хадайнічала, а па артыкуле 23.34 (парушэнне парадку правядзенне масавага мерапрыемства). З гэтай нагоды міліцыянты уручылі ёй позву ў суд Кастрычніцкага раёна г. Віцебска на працяг справы: 12 лютага , у 15.30

Таксама Наталля паведаміла, што ў гэты ж час суд будзе і ў Алеся Круткіна, які знаходзіцца зараз у Віцебскім ІЧУ. 

Паралельна міліцыянты паспрабавалі распытаць Наталлю пра іншыя ўлёткі, расклееныя па горадзе. Але актывістка ад дачы паказанняў адмовілася.

“Калі даведаемся, хто наклеіў, то мы павінны па кожнай улётцы скласці пратакол як за пікетаванне [то бок па арт.23.34—Заўв.]", – паведамілі Наталлі міліцыянты.

А што ж па іншай улётцы?

Не дачакаўшыся рашэння адміністрацыйнай камісіі за ўлётку на будынку ГП “Віцебскі ДСК”, Наталля вырашыла патэлефанаваць у РАУС. Некалькі дзён ёй не давалі зразумелага адказу, але ў рэшце рэшт паведамілі: за гэтую ўлётку спачатку было прынята рашэнне аб накладанні штрафа ў 270 рублёў па ч. 2 артыкула 21.14, але потым рашэнне раптоўна адмянілі і накіравалі справу ў Пракуратуру на дапрацоўку.

Ці “ператфрансфармуюць” і гэтую справу з “парушэння дабраўпарадкавання” таксама ў “парушэнне масавага мерапрыества”, пакуль невядома.

Крыніца: Наляпіла улётку — парушыла парадак пікетавання?