Як піша mspring.online, у верасні 2019 г. экс-кандыдат у дэпутаты парламента па Горацкай выбарчай акрузе №82 Андрэй Юркоў паставіў у «Аднакласніках» знак «сумую» на карцінку, дзе параўноўваліся савецкі і нацысцкі рэжымы. Дзякуючы алгарытмам сацсеткі, малюнак патрапіў ў асабістую стужку Юркова.
23 снежня 2019 года суддзя Дрыбінскага раённага суда Барыс Пігаль прызначыў яму штраф у 10 базавых велічыняў (255 рублёў) за “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”.
Апазіцыянера аштрафавалі за сумны смайлік у «Аднакласніках»
Пасля таго, як раённы суд аштрафаваў палітыка, ён абскардзіў рашэнне ў Магілёўскі абласны суд. Паседжанне адбылося 6 лютага.
Падчас паседжання Юркоў заявіў, што карцінка, на якую ён адрэагаваў ў «Аднакласніках», не ўваходзіць у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў Міністэрства інфармацыі РБ:
– У спісе ёсць толькі чырвонае палатно з выявай свастыкі. Відавочна, што палатно не роўна малюнку ў Інтэрнеце, – заявіў Юркоў.
Ён таксама заўважыў, што ў яго ёсць права выказваць уласнае негатыўнае стаўленне да нацысцкай і савецкай сімволікі.
Па словах палітыка, суд першай інстанцыі не правёў экспертызу нібыта экстрэмісцкага матэрыялу ў яго сацыяльнай сетцы – не была праведзеная ацэнка кантэксту, аўтара, памеру, значнасці і наступстваў з’яўлення карцінкі ў стужцы «Аднакласнікаў». Такім чынам, штраф для палітыка павінен быць адменены.
Суддзя Аляксандр Іванкоў пагадзіўся з довадамі Юркова і адмяніў пастанову суда Дрыбінскага раёна, накіраваўшы справу на новы разгляд.
Крыніца: Магілёўскі аблсуд адправіў на новы разгляд справу аб дыслайке