Судовае пасяджэнне над палітыкам Мікалаем Статкевічам прайшло сёння ў Ленінскім судзе г. Мінска. Справа па частцы 3 артыкула 23.34 (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства) разглядала суддзя Вольга Паўлоўская. У якасці сведкі выступіў службовы інспектар Ленінскага РАУС Іван Скараходаў. Ён распавёў, што ўбачыў у сацыяльнай сетцы Фэйсбук інфармацыю ад Статкевіча, дзе ўтрымліваўся заклік да ўдзелу ў акцыі за незалежнасць 20 снежня 2019 года на плошчы Каліноўскага.
"Так апазіцыйныя актывісты называюць Кастрычніцкую плошчу", — адзначыў сведка.
Такім чынам, палітыку ставіліся ў віну незаконныя публічныя заклікі да несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.
Пасля выступу сведкі суд адразу ж вынес рашэнне аб вяртанні справы ў Ленінскі РАУС для ліквідацыі недахопаў. Судовае пасяджэнне доўжылася каля 5 хвілін.
Раней, за ўдзел ў акцыі за Незалежнасці 20 снежня Статкевіч ужо атрымаў штраф 50 б.в.
Крыніца: За заклік да акцыі і ўдзел у ёй — два пасяджэнні. Што вядома пра суд над Статкевічам