Аляксандр Дуброўскіх разам з Наталляй Спірыдонавай на акцыі 29 снежня ў Віцебску У суботу першага лютага віцебскі блогер Аляксандар Дуброўскіх быў вызвалены з ізалятару часовага ўтрыманьня, дзе адбываў 15 сутак. На волі ён распавёў "Віцебская Вясне", што “суткамі” яго пакаралі па артыкуле 17.1 (дробнае хуліганства).

Падставай для арышту стала тое, што ён выкінуў пад ногі суддзі суда Віцебскага раёна Івану Белавусу косткі для сабак. За некалькі дзён да гэтага менавіта Белавус аштрафаваў блогера на 30 б.в.(810 рублёў) за ўдзел у мінскіх акцыях супраць інтэграцыі.

За “косткі для суддзі Белавуса” суд Віцебскага раёну пакараў Дуброўскіх 15 суткамі адміністрацыйнага арышту, прыпісаўшы «хуліганку» і «нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы». Сам Дуброўскіх сцвярджае, што ў кабінеце Белавуса ён не лаяўся.

Таксама блогер паведаміў, што ўмовы ўтрымання ў віцебскім ІЧУ “бесчалавечныя”.

Па выхадзе з ізалятара Аляксандр Дуброўскіх даведаўся, што яго асудзілі яшчэ два разы за акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй па артыкуле 23.34 КаАП.

20 студзеня суд Кастрычніцкага раёна Віцебску аштрафаваў яго на 30 базавых велічынь (810 рублёў) за ўдзел у мінскай акцыі 21 снежня (суддзя Іна Грабоўская). А 29 студзеня у судзе Чыгуначнага раёну Дуброўскага аштрафавалі на такую ж суму за ўдзел у віцебскім пікеце 29 снежня.

Такім чынам, разам са штрафам, прысуджаным Белавусам, Аляксандр Дуброўскіх аштрафаваны агулам на 90 базавых велічынь (2430 рублёў) за ўдзел у акцыях у падтрымку незалежнасці і 15 суткамі – за акцыю «з косткамі для суддзі».

   Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Крыніца: «За косткі для суддзі». Блогер Дуброўскіх распавёў, за што адсядзеў 15 сутак