Святлана Аглушэвіч, фота "Радыё Рацыя" Судовыя пастановы пра штрафы за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах атрымалі Святлана Аглушэвіч і Вячаслаў Парчынскі. Абодвух выклікалі ў суд Полацка і Полацкага раёна 24-га студзеня, але абодва адмовіліся ўдзельнічаць у працэсах.

Святлана Аглушэвіч паведаміла "Радыё Рацыя", што не лічыць сябе вінаватай:

"Навошта хадзіць, калі не лічыш сябе вінаватай? Я ўвогуле лічу, што нас няма за што судзіць! Кожны чалавек можа выказацца – мы маем права на выказванне сваіх меркаванняў. Мы нікога не абразілі, не прынізілі, не да чаго не заклікалі. Штрафы даюць – за што?"

Суддзя Віктар Баліка аштрафаваў Святлану Аглушэвіч на 8 базавых велічынь (216 рублёў). Вячаслава Парчынскага на 10 базавых велічынь (270 рублёў) аштрафаваў суддзя Уладзімір Бясецкі. Абодвух пакаралі за тое, што 4-га студзеня яны сфатаграфаваліся каля Сафійскага сабору ў Полацку, трымаючы  па адной літары са слова “Незалежнасць”.

Гэтае слова склалі з раздрукаваных літар яшчэ каля дзясятка чалавек. Шасцёра з іх былі аштрафаваныя 24-га студзеня, астатніх працягвае шукаць міліцыя.

  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Крыніца: У Полацку – яшчэ два штрафы “за незалежнасць”