Праваабаронцы “Вясны” ў чацвер, 30 студзеня, у 18:30 у памяшканні Беларускага ПЭН-цэнтра прэзентуюць новую кнігу серыі “Беларуская турэмная літаратура”. Гэта ўспаміны палітвязня Сяргея Скрабца “Кошт свабоды, ці Спавядальнасць апазіцыйнага палітыка”.

Што будзе на імпрэзе?

Акрамя прэзентацыі кнігі, таксама адбудзецца вечарына салідарнасці з творцамі, якія праходзяць праз судовы канвеер за акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй. У імпрэзе возьмуць удзел праваабаронца Алесь Бяляцкі, пісьменнік Уладзімір Арлоў, перакладчык і мовазнаўца Лявон Баршчэўскі. Акрамя гэтага, мастак Алесь Пушкін прадставіць “Турэмны альбом” — малюнкі і занатоўкі, зробленыя ў ізалятарах Смаргоні і Акрэсціна падчас адбыцця арышту за правядзенне акцыі ўшанавання памяці змагара антысавецкага супраціву Расціслава Лапіцкага.

Дзе і калі адбудзецца імпрэза?

Прэзентацыя адбудзецца ў чацвер, 30 студзеня, у 18:30 у офісе Беларускага ПЭН-цэнтра на вул. Залатая горка, 2-101. Усе прысутныя змогуць атрымаць у падарунак выданні серыі “Беларуская турэмная літаратура”, а таксама ўзяць аўтографы аўтараў.

Хто такі Сяргей Скрабец?

У час дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі другога склікання (2000–2004 гг.) Сяргей Скрабец узначальваў нефармальную апазіцыйную дэпутацкую групу “Рэспубліка”. Разам з калегамі Уладзімірам Парфяновічам і Валерыем Фраловым летам 2004 г. правёў галадоўку пратэсту супраць трэцяга тэрміну Аляксандра Лукашэнкі, а таксама за вызваленне палітвязня Міхаіла Марыніча. Быў асуджаны па эканамічным артыкуле.

 Гэтая кніга яшчэ разам з “Турэмным альбомам” Алеся Пушкіна ўжо была адзначаная ў Дзень правоў чалавека-2019 Прэміяй імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні.

Крыніца: Сяргей Скрабец у “Беларускай турэмнай літаратуры”. Чакаем на прэзентацыі