Пінчукі, якіх пакаралі штрафамі за тое, што без дазволу Пінскага гарвыканкама правялі масавае мерапрыемства супраць “паглыбленнай інтэграцыі з Расіяй, вырашылі абскардзіць рашэнне суда.
Нагадаем, група неабыякавых пінчукоў сабралася 20 снежня ў 18.00 каля помніка «Палешуку» на вуліцы Леніна, каб выказаць сваё стаўленне да захадаў Беларусі і Расіі па “паглыбленні інтэграцыі”.
8 студзеня 2020 года прайшлі першыя суды над удзельнікамі несанкцыянаванай акцыі Мікалаем Міхалевічам і Дзмітрыем Тарасюком, іх аштрафавалі на дзесяць базавых велічыняў (270 рублёў). 9 студзеня штраф атрымала Таццяна Кебікава (пяць базавых велічынь або 135 рублёў) і Людміла Алёхіна (чатыры базавыя велічыні або 108 рублёў).
Пінск далучыўся да акцый пратэсту супраць "паглыблення інтэграцыі" з Расіяй
Удзельнікі пікету супраць аб'яднання Беларусі і Расеі распавялі выданню media-polesye.by, што атрымалі моцную маральную падтрымку ад іншых грамадзян. Акрамя таго, сябры, знаёмыя і калегі дапамаглі ім сабраць грошы на выплату штрафаў.
На іх думку, прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці з'яўляецца парушэннем правоў грамадзян на свабоднае выказванне сваіх меркаванняў і на правядзеньне мірных сходаў, прадугледжаныя артыкуламі 33 і 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Пінчукі лічаць, што суд аднабакова і няпоўна даследаваў акалічнасці меркаванага адміністрацыйнага правапарушэння, таму яго рашэнне не можа быць прызнана законным і абгрунтаваным.
Юрыдычную дапамогу пінчукам аказваюць праваабаронцы арганізацыі «Брэсцкая Вясна». "Вясноўцы" дапамаглі Таццяне Кебікавай, Людміле Алёхінай і Дзмітрыю Тарасюку скласці паперы для абскарджання пастановы Пінскага суда.
Крыніца: Пінчукі з дапамогай праваабаронцаў “Вясны” абскаржваюць судовыя пастановы