Як стала вядома Праваабарончаму сайту "Вясна", блогераў Сяргея Ціханоўскага з Гомеля і Дзмітрыя Казлова з Оршы, а таксама палітыка Паўла Севярынца пасля 15-суткавых арыштаў ізноў адпраўляюць за краты.  10 студзеня ў блогера youtube-канала "Страна для жизни" Сяргея Ціханоўскага заканчваецца арышт, да якога яго прысудзілі 27 снежня ў судзе Савецкага раёна г. Гомеля. Але сёння ж яго ізноў прывезлі ў той жа суд на новы адміністрацыйны працэс. Як паведамляе праваабаронца "Вясны" Леанід Судаленка, судзілі блогера за ўдзел і асвятленне мінскай акцыі 20 снежня. Суд вынес рашэнне аб накіраванні Сяргея Ціханоўскага ў ІЧУ для адбыцця новых 15 сутак арышту. Такім чынам на волю ён выйдзе ажно 26 студзеня.

Пра вынясенне новых судовых рашэнняў у дачыненні да Паўла Севярынца паведамляе на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Вольга Кавалькова

Палітык гэтай ноччу быў выпушчаны з цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, аднак на 12 гадзін 10 студзеня над ім былі прызначаныя новыя судовыя працэсы. 

Сёння мяне паднялі ў камеры ўначы і загадалі без тлумачэнняў сабраць рэчы. На калідоры ўжо чакалі двое ў цывільным. Ну, думаю, на чарговы суд і па канвееры.

У дзяжурцы высветлілася, што мне залічылі ў тэрмін 15 сутак маё пяцігадзіннае затрыманне 18 снежня (калі здымалі на камеру папярэджанні пра дзяцей і елку на 20-е) - і суткі заканчваюцца сёння ў 06.45.

Але таварышы ў цывільным вязуць мяне ў Савецкі Руус. У аддзеле афармляюць паперы, што мяне даставілі - і на пачатку восьмай раптам абвяшчаюць:

- Сёння ў 12.00 у вас Савецкі суд, Павел Канстанцінавіч. А пакуль вы свабодныя.

Такім чынам, прагулка па яшчэ цёмным Менску пад дажджом з кешарамі - і я дома. На парозе - мая каханая Волечка, радасны Францішак і матуля.

Павел Севярынец

А аршанскі блогер Дзмітры Казлоў, больш вядомы пад псеўданімам "Шэры Кот", не выйшаў з ІЧУ пасля сутак. Позна ўвечары 9 студзеня адзін з супрацоўнікаў аршанскага ІЧУ паведаміў актывістам, што ў Казлова маецца яшчэ адна пастанова аб арышце.

Блогер «Шэры Кот» не выйшаў на волю пасля арышту. Яму прысудзілі яшчэ 15 сутак

Блогер Дзмітрый Казлоў, вядомы як «Шэры Кот», адбыў ужо 15 сутак у аршанскім ІЧУ, але 9 студзеня на волю так і не выйшаў, паведамляе "Віцебская Вясна".

Крыніца: Суткі за суткамі... Актывістаў зноў адпраўляюць за краты