За некалькі дзён да Новага года валанцёры і валанцёркі “Вясны” сабралася разам, каб успомніць год мінулы, а таксама правесці час разам.

На сустрэчу Валанцёрскай службы “Вясны” завітаў і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда. Разам з віншаваннямі ён прааналізаваў і агульную сітуацыю з правамі чалавека “амаль што ў мінулым годзе” ў кантэксце дзейнасці Валанцёрскай службы.

“Нажаль, у нас па-ранейшаму застаюцца палітвязні, прынамсі Міхаіл Жамчужны. Ён пайшоў сустракаць Новы год у ШІЗА, дзе ўвогуле праводзіць шмат часу.  Валанцёрская служба шмат увагі надавала і Міхаілу, бо ў тым ліку і яму дасылала лісты салідарнасці”

Дарэчы, і падчас валанцёрскай сустрэчы было падпісана 28 паштовак салідарнасці тым, хто правядзе Новы год у ЦІПе.

“Я думаю, мы перакрочым у новы, 2020 год таксама з такой сітуацыяй, калі будзе шмат працы для праваабаронцаў і валантэраў, – працягнуў Андрэй Палуда, – Тым больш, што наперадзе будуць і прэзідэнцкія выбары, і увогуле геапалітычная сітуацыя застаецца складанай. Таму наша місія – рабіць гэты свет трошку лепшым і дапамагаць іншым людзям – і ў наступным годзе будзе запатрабаваная”.

valancery_padziaki.jpg
Каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова, валанцёр Андрусь Крэчка і праваабаронца Андрэй Палуда.

Таму варта працягваць распаўсюджваць веды пра правы чалавека і знаёміць новых людзей з праваабарончымі каштоўнасцямі. Каардынатарка Валанцёрскай службы “Вясны” Марфа Рабкова настроена рашуча:

 “Мы плануем выязджаць у рэгіёны і ахопліваць усё больш і больш гарадоў”, – распавяла Марфа Рабкова.

Вынікі года падвяла і Наталля Сацункевіч, валанцёрка і праваабаронца “Вясны”:        

 “2019 год сапраўды быў вельмі плённы для Валанцёрскай службы. Валанцёры і валанцёркі дапамагалі Вясне абараняць правы чалавека, маніторылі суды. Дапапагалі “рукамі” на канферэнцыях і сустрэчах, праводзілі выставы і кінапраглады, перакладалі на розныя мовы, набіралі тэксты, пісалі скарі і звароты, і шмат іншага...”

sacunkevich_merch_vs.jpg
Наталля Сацункевіч, праваабронца і валанцёрка "Вясны"

Што яшчэ было дасягнута Валанцёрскай службай у 2019 годзе?

  • Зладжана першая беларускую манстрацыя, якая намінавана на “Крэатыў года” ад Асамблеі НДА;
  • Праведзены вялікі двухдзённы трэнінг, дзе валанцёры навучаліся самі і навучалі іншых, як распавядаць пра правы чалавека;
  • За 2019 год праведзены назіранне за 22 мірнымі сходамі ў межах кампаніі Control.By;
  • Распачаты Клуб ангельскай мовы пра правы чалавека, ужо адбылося 18 сустрэч пра розныя аспекты правоў чалавека;
  • Напрыканцы года праведзена стратэгічнае планаванне будучай дзейнасці.

“Таму  мы зараз гатовы працаваць і ў новых напрамках і больш эффектыўна ў ужо знаёмых нам”, – адзначыла Наталля Сацункевіч.

Жадаеце хутчэй уварвацца ў праваабарончую дзейнасць ды зрабіць ўнёсак у паляпшэнне гэтага свету? Запаўняйце анкету і станьце часткай з Валанцёрскай службай “Вясны” у новым, 2020 годзе!

Крыніца: “Наша місія – рабіць гэты свет лепшым – будзе запатрабаваная і ў 2020 годзе”