Па ўсёй Беларусі працягваюцца снежаньскія акцыі пратэсту супраць паглыбленай інтэграцыі з Расіяй. Паралельна адбываюцца судовыя працэсы над актывістамі і актывісткамі, якія ўдзельнічаюць у гэтых акцыях, тым самым публічна выказваючы сваю грамадзянскую пазіцыю і рэалізуючы права на мірны сход. За гэтыя акцыі асудзілі ўжо больш за трыццаць чалавек. Некаторыя сустрэнуць Новы год «на сутках», некаторыя будуць вымушаныя выплаціць буйныя штрафы. Па стану на 29 снежня, пакараныя адміністрацыйным арыштам па артыкулу 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) дзесяць чалавек. Гэтыя людзі рэалізоўвалі свае канстытуцыйныя правы. Усе, акрамя гомельскага блогера Сяргея Ціханоўскага, адбываюць пакаранне ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску. Прапаноўваем падтрымаць іх паштоўкамі і лістамі.
АДРАС ДЛЯ ПАШТОВАК:Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, г. Мінск, 220089,завулак 1-й Акрэсціна, 36 |
ХТО ТРАПІЎ ПАД РЭПРЭСІІ?
1) Палітык, пісьменнік, сустаршыня БХД Павел Севярынец.
Ён быў затрыманы супрацоўнікамі АМАПу каля ўласнага дома. Асуджаны судом Савецкага раёна18 снежня да 15 сутак арышту, але адправілі ў ЦІП адбываць пакаранне толькі 26 снежня.
Выйдзе на волю 9 студзеня.
2) Кіраўнік "Маладога Фронту" Дзяніс Урбановіч.
Вядома, што яго асудзілі 18 снежня да 15 сутак арышта. Як і пры якіх умовах адбылося затрыманне — невядома. Пра тое, што адсутнічае сувязь з маладафронтаўцам паведаміў Севярынец.
Выйдзе на волю ў першы дзень 2020 года — 1 студзеня.
3) Актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Максім Вінярскі.
Яго затрымалі 18 снежня. Пра гэта ён ледзь паспеў паведаміць журналістам "Радыё Свабода". Завезлі ў РУУС, склалі пратакол і ў той жа дзень асудзілі да 15 сутак арышту.
Выйдзе на волю, як і Урбановіч, 1 студзеня 2020 года.
4) Актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Яўген Афнагель.
Пры невядомых умовах быў затрыманы і асуджаны за пратэстныя акцыі і Яўген. Яго, як і папярэдніх актывістаў, пакаралі 15-суткавым арыштам.
Выйдзе на волю 1 студзеня.
5) Актывіст Legalize Belarus і "Моладзевага блоку" Стас Шашок.
Стас быў затрыманы ўвечары 26 снежня ў пад'ездзе ўласнага дома. Пасля ночы ў ЦІП, суд Маскоўскага раёна г. Мінска асудзіў яго за ўдзел у акцыі 7 снежня на 15 сутак арышту.
Выйдзе на волю 10 студзеня.
6) Актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Леанід Кулакоў.
За некалькі гадзін 27 снежня суд Першамайскага раёна г. Мінска паспеў асудзіць Леаніда ажно за тры акцыі пратэсту: 7, 8, 20 снежня. Публічнае выказванне свайго меркавання супраць паглыбленай інтэграцыі з Расіяй каштавала яму 10 сутак і 100 базавых штрафу (прыкладна 1200 даляраў).
Выйдзе на волю 5 студзеня.
7) Блогер, аўтар уoutube-канала «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі.
Яго затрымалі супрацоўнікі ДАІ 27 снежня на ўскрайку Жлобіна, калі блогер ехаў на здымкі ў Мінск. Ён вёў стрым свайго затрымання. Праз некалькі гадзін суд Савецкага раёна г. Гомеля вырашыў пакараць Сяргея па артыкулу 23.34 КаАП на 15 сутак арышту. Адбывае пакаранне ў ізалятары часовага ўтрымання Гомельскага аблвыканкама: 246027, г. Гомель, вул. Міжгародняя, 26.
Выйдзе на волю 10 студзеня.
8) Сакратар КХП БНФ Алесь Чахольскі.
Вядома, што яго затрымалі ўвечары 26 снежня. Пасля ночы ў ІЧУ, суд Цэнтральнага раёна г. Мінска пакараў яго 15-суткавым арыштам.
Выйдзе на волю 10 студзеня.
9) Актывіст "Маладога Фронту" Максім Урбановіч.
Ён быў затрыманы 27 снежня і адразу асуджаны паводле артыкула 23.34 КаАП да 15 сутак арышту.
Выйдзе на волю 10 студзеня.
Суткамі арышту пакараная таксама актывістка Алена Талстая. Суддзя Маскоўскага раёна г. Мінска Таццяна Мотыль, якая асудзіла да "сутак" і Стаса Шашка, прысудзіла Алене 5 сутак арышту і 50 базавых штрафу (1275 рублёў). Яе арыштавалі ў залі суда. Алена абвясціла галадоўку.
Выйдзе на волю 30 снежня.
"Хачу напісаць вязню!" Распавядаем, як гэта зрабіць
Крыніца: "Навагоднія суткі". Падтрымай тых, хто выходзіў за незалежнасць, паштоўкай Фота