29 снежня, у Кіеўскім скверы г. Мінска прайшоў яшчэ адзін пікет супраць хатняга гвалту. Папярэдні быў праведзены 28 снежня.

Што для гэтага прыйшлося зрабіць арганізатарам?

Распавядае Крысціна Рыхтэр, старшыня каардынацыйнага камітэта Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці «Усходняе партнёрства»:

kristina_rihter.jpg
Крысціна Рыхтэр. Фота: spring96.org.

«Мы першапачаткова падавалі 38 заявак на 10 дат запар, пачынаючы з 20 снежня. — тлумачыць арганізатарка. — У нас было 3 заяўніка, якія падалі па 10 заявак, і адзін падаў 8. Мінгарвыканкам разгледзеў усе нашы заяўкі. Пасля гэтага мы давалі апавяшчэнне аб адмене на 9 дзён ад кожнага і ўзгаднялі па адным дні».

Такая стратэгія абраная не выпадкова — адну з папярэдніх акцый адмянілі зпрычыны «добраўпарадкавання сквера». 

«Калі напрыклад ў іх планаваліся б нейкія працы па акультурванні фантана, мы б правялі акцыю ў іншыя дні. Таму мы адклікалі астатнія заяўкі, і правялі акцыі 28 і 29 снежня», — адзначыла Крысціна Рахтэр.

Колькі будзе «каштаваць» гэты пікет (аплата паслуг міліцыі, ЖЭС і «хуткай»), Крысціна Рыхтэр пакуль не ведае: першапачаткова на мірным сходзе планавалася каля 10 удзельнікаў, але потым колькасьць была павялічана, што, адпаведна, паўплывае і на яго кошт.

Пікет супраць хатняга гвалту арганізавалі Беларуская нацыянальная платформа сумесна з ініцыятыўнай групай «Маршыруй, дзетка».

Крыніца: «Падалі 38 заявак на 10 дзён запар». У Мінску прайшоў яшчэ адзін пікет супраць хатняга гвалту. Фота