Як паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў, раніцай 18 снежня стала вядома, што журналістам вядучага недзяржаўнага інфармагенцтва БелаПАН адмовілі ў праве прысутнічаць на заўтрашнім пасяджэнні Савета Рэспублікі. Пры гэтым агенцтва мае афіцыйную акрэдытацыю пры дзяржоргане.
За тлумачэннямі ГА "БАЖ" звярнулася да прэс-сакратара Савета Рэспублікі Вольгі Казловіч.
Яна паведаміла, што раней журналісты БелаПАН наведвалі мерапрыемствы Савета Рэспублікі, але на заўтрашняе пасяджэнне дзяржоргана прынята рашэнне запрашаць СМІ ў "вузкім фармаце".
Далей Казловіч папрасіла звяртацца за тлумачэннямі ў пісьмовым выглядзе, што і было зроблена.
Праз некалькі гадзін пасля агалоскі праблемы прадстаўнік Савета Рэспублікі паведаміла, што журналіст агенцтва ўсё ж будзе дапушчаны на пасяджэнне дзяржоргана.
На думку БАЖ, выбарачны падыход да допуску медыя на мерапрыемствы груба парушае прынцып роўнасці СМІ, гарантаваны Законам "Аб сродках масавай інфармацыі".
Крыніца: Журналіста БелаПАН вырашылі ўсё ж пусціць на пасяджэнне Савета Рэспублікі