Да асуджанага актывіста Пятра Маркелава ўжо некалькі дзён запар не пускаюць абаронцу, піша "Белсат". З 9-га снежня Маркелаў адбывае адміністратыўнае пакаранне ў ізалятары на Акрэсціна.
Як распавяла карэспандэнту «Белсату» адвакатка Альвіна Мінгазава, 16 снежня яна зноў прыехала да ЦІПу, дзе змяшчаецца Пётр Маркелаў.
«Я пад’ехала да дзесяці. Прачакала там гадзіну, змерзла. Стала зразумела, што пятнічная схема паўтараецца. Я тут блізка, але ўжо не стаю пад дзвярмі. Тэлефаную кожныя 30 хвілінаў», – адзначыла юрыстка.
Але дагэтуль ёй паведамляюць, што ўсе пакоі для сустрэчаў адваката з затрыманымі занятыя.
«На жаль, такога відавочнага механізму, апроч як тэлефанаваць, спрабаваць патрапіць і пісаць скаргі, няма», – сказала Альвіна Мінгазава.
Гэта ўжо другі дзень, як адвакатка не можа патрапіць да свайго падабароннага. Супрацоўнікі Менскай гарадской пракуратуры і пракуратуры Маскоўскага раёну адмовіліся выехаць у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў і нават патэлефанаваць туды, каб спраўдзіць стан арыштаванага на выбарчым участку актывіста.
- Падчас парламенцкай кампаніі Пётр Маркелаў быў даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты ад «Моладзевага блоку» Стаса Шашка. Як давераная асоба, Маркелаў скарыстаўся магчымасцю назіраць за выбарамі – на 286-м участку 99-й акругі. Пасля таго, як ён стаў здымаць на відэа патрабаванне Шашка пералічыць пададзеныя за яго галасы, на ўчастак прыехаўнарад міліцыі.
- 9 снежня суддзя Маскоўскага раённага суду Таццяна Матыль асудзіла Пятра Маркелава на 14 содняў арышту за відэаздымку падліку галасоў на выбарчым участку.
- 12 снежня з маці Пятра Маркелава звязаўся чалавек, які сядзеў з ім у адной камеры. Хлопец паведаміў, што Пётр на Акрэсціна знаходзіцца ў цяжкіх умовах: у камеры антысанітарыя і вошы.