З 5 па 13 снежня ў Мінску праходзіў пяты па ліку Фестываль дакументальнага кіно WATCH DOCS Belarus аб правах чалавека. Галоўная тэма тэма пятага фестываля – “Межы (не)свабоды”.

У фінальны дзень на культурніцкай пляцоўцы ОК16 быў паказаны дакументальны фільм “Гігант” пра кітайскіх рабочых, якія працуюць у цяжкіх умовах.

Гэты фільм, па словах праваабаронцы Андрэя Палуды, “паказвае рэчаіснасць і рэальнасць прамысловага Кітая, адваротны бок дабрабыту іншых краін свету”.

Затым адбылося галасаванне за  5 беларускіх дакументальных фільмаў, уключаных у конкурсную праграму.

Кожны глядач падчас прагляду атрымаў бюлетэнь, у якім было ад аднай да пяці зорак (так можна было аддаць колькасць зорак і такім чынам ацаніць фільм).

Усе жадаючыя маглі далучыцца да падліку. Прадэманстраваліся скрыні з бюлетэнямі, а потым у асобны пакой сышлі усе жадаючыя назіральнікі і прадстаўнікі СМІ. Можна было спакойна падыходзіць да стала і назіраць за палдлікам галасоў, чаго так не хапае пад час выбараў дэпутатаў у парламент, альбо ў мясцовыя саветы.

 “Хтосьці можа павучыцца, як трэба падлічваць”,– адзначыла Святлана Жукава, старшыня падліковай камісіі.

Затым адбылося урачыстае ўручэнне прэмій усім беларускім рэжысерам, чые фільмы былі прадстаўлены на фэстывалі. Месцы такія:

Пераможца Галіна Адамовіч “Добрых дзяўчынак не б’юць” (фільм пра гвалт у дачыненні да жанчын);

Затым названыя: Андрэй Куціла “Стрыптыз і вайна”;

Аляксандр Свішчанкоў “Мая Германія”;

Любоў Зямцова “Месца любові”;

Ігар Чышчэня “Подых балот”.

“Чалавечая годнасць—гэта панятак, з якога пачынаецца размова аб правах чалавека”, -- азначыў Андрэй Палуда.

Конрад Віркоўскі, які прадстаўляе фестываль WATCH DOCS у Польшы, які праводзіцца нашмат даўней,  чым у Беларусі (18 гадоў), падзяліўся сваімі ўражаннямі:

“Дзякуй, што робіце такі фестываль. Я не першы раз тут і бачу, як фестываль развіваецца ўжо не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах”.

Фестываль завяршыўся, каб праз гад ізноў запрасіць на свае прагляды аматараў добрага дакументальнага кіно.

Крыніца: Фестываль WATCH DOCS Belarus назваў пераможцаў. Фотарэпартаж Фота