Аляксандр Марачэўскі Суд Ленінскага раёна Брэста аштрафаваў 12 снежня на 40 базавых велічынь праціўніка акумулятарнага завода Аляксандра Марачэўскага. Пра суд паведамляе "Берасцейская вясна".

Адміністрацыйная справа была заведзеная па ч. 3 арт. 23. 34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу года).

Марачэўскага судзілі за ўдзел у агітацыйным перадвыбарчым пікеце кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў актывісткі «Еўрапейскай Беларусі» Паліны Шарэнда-Панасюк, які адбыўся 25 кастрычніка на вуліцы Савецкай у Брэсце.

Марачэўскі і яшчэ адзін праціўнік акумулятарнага завода Андрэй Сліж раздавалі на гэтым пікеце інфармацыйныя матэрыялы "Стоп завод АКБ!".

Сведка, супрацоўнік міліцыі Сяргей Маслаў:

"25 кастрычніка я па-цывільнаму сачыў за праванарушальнікамі побач з кінатэатрам «Беларусь». Там былі сцягі, раздаваліся ўлёткі антыўрадавай скіраванасці. Я назіраў і вёў відэафіксацыю. Запіс перадаў кіраўніцтву. Марачэўскі толькі раздаваў улёткі».

Суддзя Святаслаў Каліна вынес пастанову – штраф у памеры 40 базавых велічынь.

Крыніца: Берасцейцаў працягваюць караць штрафамі