Леанід Кулакоў. Фота: "Наша ніва". Аддзел прымусовага выканання (АПВ) Першамайскага раёна Мінска звярнуўся ў суд з патрабаваннем абмежаваць у праве кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Леаніда Кулакова да таго моманту, пакуль той не пагасіць запазычанасць па штрафу.

Гутарка ідзе пра штраф памерам 45 базавых велічынь (1147,5 рублёў), які Леанід атрымаў 24 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёна. Тады яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі (малебне) каля Кафедральнага сабору, што праходзіла сёмага красавіка.

Разгляд справы аб запазычанасці адбыўся 11 снежня ў суддзе Першамайскага раёна. Пасяджэнне вяла суддзя Вольга Багам’я.

Судовы выканца на суд не прыйшоў. Леанід Кулакоў не пагадзіўся з прадстаўленнем аб неабходнасці абмежавання яго ў праве кіравання і прасіў суддзю не задавальняць яго. Па словах актывіста, кіраванне аўтамабілем яму неабходна для атрымання сродкаў для існавання. Да таго ж Кулакоў патлумачыў, што ў дадзены момант не працуе і таму не можа аплаціць той самы штраф, з-за якога аддзел прымусовага выканання і звярнуўся ў суд.

Але довады актывіста не былі пачутыя суддзёй. Вольга Багам’я стала на бок АПВ і абмежавана Кулакова ў праве кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі да пагашэння запазычанасці па штрафу.

Леанід Кулакоў плануе абскардзіць прынятае рашэнне.

 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Крыніца: Актывіста Кулакова абмежавалі ў праве кіраваць аўто з-за неаплачанага штрафу