Андрэй Юркоў. Фота: horki.info Актывіст Руху "За Свабоду" з Дрыбіна Андрэй Юркоў атрымаў позву ў суд Дрыбінскага раёна. Падставай для выкліку стаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, складзены ў дачыненні да актывіста паводле ч. 2 арт. 17.11 КаАП – "Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў". 

Суд над Андрэем Юрковым адбудзецца ў 10 гадзін 13 снежня 2019 года

Актывіста Руху вінавацяць у тым, што ён паставіў "негатыўную рэакцыю" у сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі”  пад матэрыялам, дзе пазначана, што пад нацысцкім сцягам знішчана 35 мільёнаў савецкіх грамадзян.

 “Юркоў А., знаходзячыся ў Дрыбіне, у перыяд часу з 26 верасня па 19 лістапада 2019 года, з’яўляючыся карыстальнікам сацыяльнай сеткі “Одноклассники”…. размясціў у стужцы інфармацыйную прадуцыю, унесеную у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, што дазваляе… свабодна яе распаўсюджваць” , – пазначана ў пратаколе правапарушэння.

Нагадаем, правапарушэнне па ч. 2 арт. 17.11 КаАП цягне накладанне штрафу ў памеры ад дзесяці да пяцідзесяці базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета правапарушэння, а таксама прыладаў і сродкаў здзяйснення ўказанага парушэння або без канфіскацыі, або адміністрацыйны арышт з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.

Крыніца: Прызначана дата суда за рэакцыю пад нацысцкім сцягам у "Аднакласніках"